«Газпром» падвёў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі», – жартуе маскоўскі «КоммерсантЪ». У Менску не да жартаў. Нібыта й разумелі, што дурніцы ня будзе. Але ж каб так крута...
І калі кіраўнік «Газпрому» Мілер эўфэмістычна сказаў пра цэны «эўрапейскага ўзроўню», то ягоны намесьнік Разанаў праз пару дзён як цьвік убіў: з наступнага году – уздымем утрая! То бок – пад 140 даляраў.
Нават дысцыплінаваныя менскія чыноўнікі забурчэлі пра шантаж.
Тым часам палітычныя дылетанты і з расейскага, і зь беларускага боку загарэліся надзеямі.
Тамтэйшыя вялікадзяржаўнікі пускаюць сьлінкі, што нарэшце зьдзейсьніцца доўгачаканы аншлюс – а іначай куды «бацьку» падзецца?
Паціраюць рукі і асобныя нашы барацьбіты: ну, усё, капец, Пуцін нарэшце зваліць дыктатара!
Асабліва няслушнай падаецца вэрсія, што беларускага кіраўніка хочуць змусіць да пасады віцэ-прэзыдэнта саюзнае дзяржавы. «Тады расейская эліта атрымае праблему, у якой ёсьць імя і прозьвішча – Аляксандар Лукашэнка, – кажа палітоляг Валер Карбалевіч. – Калі ён з пасады старшыні антыкарупцыйнай камісіі раскруціўся, то ўжо з другой пазыцыі ў саюзнай дзяржаве...»
Насамрэч, пакуль што ідзе гульня мускуламі. Прэлюдыя да чарговага гандлю вакол ласых кавалкаў уласнасьці.
Адно што гэтым разам Масква будзе даціскаць. Колькі можна заставацца з носам заміж пакету акцыяў «Белтрансгазу»? Разанаў дэкляраваў адкрытым тэкстам, што ягоная карпарацыя хоча пачувацца сапраўднай гаспадыняй беларускай трубы – улучна з газаразьмеркаваньнем і рэалізацыяй прадукту спажыўцам.
Лукашэнка ж, здаецца, спаліў масты публічнымі заявамі, што за бясцэнак «Белтрансгаз» не аддасьць. Дый нават у выпадку нейкага кампрамісу такога шалёна таннага газу ўжо ня будзе – хаця б таму, што ён даражэе і ў самой Расеі.
Эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што $80 ёсьць крытычнай цаною для нашых прадпрыемстваў. Экспэрт Валер Дашкевіч зазначае, што пры $100 рэнтабэльнасьць беларускай эканомікі становіцца практычна нулявой.
Яшчэ адзін эканаміст – Яраслаў Раманчук – схільны лічыць, што суворыя імпэратывы падштурхнуць Лукашэнку да эканамічнае лібэралізацыі. Натуральна, працэс будзе фрагмэнтарны ды непасьлядоўны, але ж сыстэма такая, што толькі вытаргні адну цаглінку...
І ўсе экспэрты сыходзяцца на тым, што зараз беларускае кіраўніцтва павінна выбіраць між кепскімі ды вельмі кепскімі для сябе сцэнарамі. Яно мусіць наступаць на горла ўласнай песьні, выпускаць джына з пляшкі.
У гэтым сэнсе прэсінг прагнага «Газпрому» сапраўды становіцца складнікам ціску на рэжым. Дасюль ён трымаўся на здольнасьці забясьпечваць абываталю прымальны паводле постсаўковых крытэраў дабрабыт. У значнай ступені – на кошт расейскіх прэфэрэнцыяў.
Зараз рэсурс улады выглядае хісткім як ніколі.
Сацыяльныя ж забурэньні, кажуць палітолягі, часта здараюцца не ад галечы, а ад таго, што рэзка спыняецца рост дабрабыту ды выбухае крызіс няспраўджаных чаканьняў.