Абаронцы гісторыка‑культурнай спадчыны Горадні непакояцца, што вынікам аўкцыёну, які пройдзе 10 сьнежня, можа стаць знос некалькіх будынкаў у гістарычным цэнтры.

Гарадзенскі сайт Horadnia.com паведамляе пра аўкцыён, на якім на продаж выставяць некалькі аб’ектаў, разьмешчаных у гістарычным цэнтры гораду. Гаворка вядзецца пра будынкі на вул. Калючынскай 23, Урыцкага 21 і Сацыялістычная 44.

У аб’яве пра аўкцыён гаворыцца пра магчымасьць зносу гэтых дамоў. Патэнцыйным пакупнікам дамоў ставіцца недвухсэнсоўная ўмова — зьнесьці будынкі можна толькі пасьля адсяленьня зь іх жыхароў.

Да будынку былой габрэйскай мужчынскай вучэльні на Калючынскай 23 улады прымерваліся даўно. Летам 2006 г. задзейнічалі «грамадзкую думку» — у дзяржаўнай газэце «Гродзенская праўда» быў надрукаваны ліст гарадзенца Сяргеева, які пісаў пра нязручнасьці жыцьця ў старых камяніцах. Выснова аўтара ліста — будынак трэба адназначна зносіць. Той жа думкі прытрымліваўся і журналіст, што рыхтаваў матэрыял. На той артыкул адгукнуўся гісторык Андрэй Вашкевіч, які заклікаў адрамантаваць будынак ды выкарыстоўваць яго ў якасьці гатэлю, альбо офіснага цэнтру. Ліст гісторыка не надрукавалі.

Акрамя «нязручнасьці» былой габрэйскай вучэльні закідаюць яе неадпаведны сучаснай Савецкай плошчы выгляд. Абаронцы гістарычнага цэнтру маюць і на гэта аргумэнт — адбудаваць разбураны ў часе будынак, што стаяў побач, і ў якім у міжваенны час месьцілася фотамайстэрня Л. Гельгора.

Будынак на Урыцкага 21, пабудаваны ў 1885 г, плянавалі зьнішчыць яшчэ летам, усьлед за домам №23 на той жа вуліцы. Спыніла ўлады толькі хваля грамадзкага пратэсту. Нават атынкавалі фасад камяніцы. Цяпер адзін зь першых пасьляпажаравых дамоў Горадні ізноў пад пагрозай разбурэньня. У бліжэйшы час вуліца Урыцкага страціць таксама дамы №5 і №12.

Умовай продажу будынка па вул. Сацыялістычная 44, помніка архітэктуры ІІ катэгорыі — захаваньне яго гістарычнага аблічча пры рэканструкцыі. Гісторык Янка Лялевіч лічыць, што захаваньне фасаду дому ўжо было б посьпехам, тым больш, што гэтага патрабуе закон. Іншая рэч, як павядуць сябе будучыя ўласьнікі камяніцы, мяркуе А. Вашкевіч. Ці не станецца так, як здаралася ўжо неаднойчы, калі ў выніку «шматлікіх намаганьняў» фасад так і не атрымаецца «выратаваць».

Гісторык Вашкевіч невысока ацэньвае шанцы будучага аўкцыёну:

«Па ўсім цэнтры «вызвалілі» шмат месца, пустуюць камяніцы, але не відно пакуль жадаючых набываць гэтыя дамкі ды ўчасткі». У вышэйпамянёных дамах пакуль што жывуць людзі і забудоўшчыкі стаяць перад праблемай адсяленьня іх у іншыя кватэры. Падобная сытуацыя склалася на вул. Парахавой, дзе на месцы старой забудовы будуецца элітнае жыльлё. Працы спыніліся на трэцім корпусе і прычына тая ж — трэба разбурыць стары дом, папярэдне выселіўшы зь яго 16 сем’яў. Аднак супакойвацца сп. Вашкевіч ня раіць. Ён лічыць, што ў выпадку набыцьця выстаўленых на аўкцыён аб’ектаў, іх чакае вельмі няпэўны лёс: «На іх месцы наўрад ці пабудуюць нешта падобнае, хіба толькі захаваюць вэртыкальныя памеры».

Гістарычны цэнтар Горадні зьяўляецца помнікам архітэктуры І катэгорыі. Пад аховай закону знаходзяцца ўсе аб’екты, што знаходзяцца на яго тэрыторыі. Зьмена гістарычнага аблічча будынкаў у выніку рэканструкцыі караецца. Аднак, паводле А. Вашкевіча, гэта не зашкодзіла ўладам з ласкавай згоды навукова‑мэтадычнай рада па пытаньнях гісторыка‑культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры разабраць па цагліне правага флігеля палаца адміністратара XVIII ст.

Сямён Печанко

Глядзі яшчэ
Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч пра разбурэньне Горадні
Фотарэпартаж Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0