26 чэрвеня Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліў папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях арганізацыі бяспекі дарожнага руху. Адпаведны законапраект Палата прадстаўнікоў прыняла 24 чэрвеня.
Прадстаўляў дакумент міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.
Законапраект, асноўнай мэтай распрацоўкі якога з'яўляецца вырашэнне задач у галіне павышэння бяспекі дарожнага руху, прадугледжвае карэкціроўку некаторых норм Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і закона «Аб дарожным руху».
Законапраектам прапаноўваецца замацаваць магчымасць прыцягнення вадзіцеляў да адказнасці за парушэнне правіл прыпынку і стаянкі транспартных сродкаў на падставе фота- і відэафіксацыі правапарушэння і ўзмацніць адказнасць за кіраванне транспартнымі сродкамі, якія не прайшлі дзяржаўны тэхнічны агляд.
У законапраекце значная ўвага надаецца ўрэгуляванню пытанняў прымусовай адбуксіроўкі (эвакуацыі) транспартных сродкаў. Прадугледжваюцца таксама санкцыі за невыкананне асобай, якая кіруе транспартным сродкам, неаднаразовых патрабаванняў супрацоўніка органаў унутраных спраў аб спыненні транспартнага сродку, што пацягнула пераслед такой асобы. У сувязі з гэтым уводзіцца вызначэнне тэрміну «пераслед».