«У межах развіцця партнёрскіх адносін» Група ВТБ і беларускі ўрад заключылі крэдытны дагавор аб выдачы Мінску кароткатэрміновай пазыкі ў памеры 2 млрд. даляраў ЗША, паведаміла 26 чэрвеня прэс-служба расійскага банка.

«Група ВТБ працуе ў Беларусі ўжо восьмы год і аказвае рэспубліцы розныя інвестыцыйна-банкаўскія паслугі. Мы задаволеныя нашымі вынікамі. Упэўнены, што супрацоўніцтва ВТБ і Рэспублікі Беларусь у далейшым таксама будзе насіць паспяховы і ўзаемавыгадны характар», — прыводзяцца ў рэлізе словы старшыні праўлення банка ВТБ Андрэя Косціна. 

Тым часам яшчэ сёння днём намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч заяўляў, што здзелка з ВТБ «яшчэ не закрыта, грошы пакуль не паступілі». Паводле яго слоў, Мінфін разлічвае, што крэдыт быў атрыманы да канца тыдня. Ермаловіч паведаміў, што патрэбнасць у фінансаванні абавязацельстваў гэтага месяца складае 1 млрд. долараў. З іх частка прыпадае на ВТБ. Гэта паўгадавыя выплаты, удакладніў чыноўнік. 

Некалькі дзён таму кіраўнік ВТБ Андрэй Косцін паведаміў, што «Банк ВТБ» плануе выдаць Беларусі брыдж-крэдыт на 1 млрд. долараў, які будзе пагашаны пасля выдзялення Расіяй міждзяржаўнага крэдыту. Акрамя гэтага плануецца пралангаваць выдадзеныя раней 450 млн. долараў. 

«Цяпер гаворка ідзе ўсё ж аб тым, каб выдаць яшчэ 1 млрд. долараў і прадоўжыць 450 млн. Гэтыя сродкі будуць пагашаныя, як толькі расійскі ўрад выдасць міждзяржаўны крэдыт, таму гаворка ідзе пра даволі кароткатэрміновы брыдж, дзесьці да верасня гэтага года», — сказаў Косцін. 

Рашэнне аб выдзяленні Расіяй Беларусі міждзяржаўнага крэдыту ў памеры 2 млрд. долараў было прынята яшчэ ў канцы 2013 года, а ў маі гэтага пытанне абмяркоўвалася на ўзроўні прэзідэнтаў дзвюх краін.

Раней было вырашана, што да падпісання адпаведнага міжурадавага пагаднення будзе выкарыстоўвацца схема брыдж-крэдытавання.

Аляксандр Лукашэнка пасля майскай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным паведаміў, што расійскі крэдыт у 2 млрд. долараў пойдзе на папаўненне золатавалютных рэзерваў Беларусі. Яны з пачатку 2014 года знізіліся амаль на 20%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?