На працэсе разглядалася калектыўная скарга грамадскіх дзеячаў на дзеянні Генпракуратуры ў справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў месцы масавых расстрэлаў у Курапатах.

Сёлета ў лютым прадстаўнікі грамадскасці накіравалі ў Генпракуратуру ліст. Яны настойвалі, што недапушчальна праводзіць любыя праектна-даследчыя работы на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапаты, бо гэта можа прывесці да знішчэння аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод іншага яны прасілі праверыць, як выкананае рашэнне нарады з удзелам прадстаўнікоў Генпракуратуры ад 27 снежня 2012 года пра вынас чатырох дамкоў рэстаранна-забаўляльнага комплексу, узведзенага ў ахоўнай зоне, а таксама прыняць меры па іх зносе.

У афіцыйным адказе на гэты зварот Генпракуратура паінфармавала, што ён накіраваны ў Міністэрства культуры. Абаронцы Курапатаў расцанілі такі адказ як «адпіску» і абскардзілі рашэнне Генпракуратуры ў судзе.

Суд, аднак, стаў на бок Генпракуратуры і 27 чэрвеня прызнаў слушнасць яе довадаў.

На думку прадстаўніка Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйлы, Генпракуратура мусіла выканаць сваё прадпісанне цягам месяца.

Гары Паганяйла: «У пракуратуры ёсць інструменты для гэтага. Прадпісанне пракуратуры — гэта акт рэагавання, у якім зафіксаваны строгія парушэнні. Сітуацыя зводзіцца да таго, што факт зафіксаваны — супакойцеся, астатняе не вашая справа. Такая пазіцыя дзяржавы. Сітуацыя абвастраецца яшчэ і тым, што суб’екты гаспадарання спрабуюць прыхапіць прынадныя кавалкі зямлі, якія ўжо ў межах горада».

Заяўнікі збіраюцца абскардзіць рашэнне суда ў бліжэйшы час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?