Няўжо, здавалася б, гэтых лацінаамерыканцаў, заходніх еўрапейцаў, грамадзянаў ЗША хвалюе вынік матчу паміж камандамі Алжыра і Расіі? Не было ў групе Н ніводнай паўднёва- і паўночнаамерыканскай дружыны, а бельгійцы, адзіная заходнееўрапейская каманда, забяспечылі сабе выхад у 1/16 фіналу чэмпіянату свету яшчэ 22 чэрвеня. Не ведаю, колькі было ўчора на той арэне расіянаў, але алжырцаў — жменька. І ўсё ж стадыён не быў спакойны, стадыён хваляваўся, стадыён быў поўны жарсцяў.

Расіянам патрэбная была перамога. Нічыйны вынік азначаў для іх паразу. Калі Аляксандр Какорын забіў мяч у вароты алжырцаў, у расіян з’явілася надзея. Затое амаль увесь стадыён стаў на бок алжырцаў. Амаль усе заўзятары дружна віталі больш-менш удалы ход алжырскіх футбалістаў і асвіствалі атакі расійскіх спартменаў. Трэба было бачыць і чуць энтузіязм дзясяткаў тысяч мужчын і жанчын, калі Іслам Слімані галавой забіў мяч у вароты расійскай зборнай і зраўняў лік — 1:1. Гэты баявы нічыйны вынік адкрыў алжырцам дарогу ў плей-оф. Расіянам жа пасля гэтага ўдару засталося адно — пакаваць чамаданы.

На стадыёне ў Курыцібе мы пачулі vox populi — голас народу. Голас салідарнасці.

Расійцы, якія лічаць сваю зямлю святою, а сябе ледзь не народам-баганосцам, часта задаюць пытанне: за што нас не любяць? А вось за гэта і не любяць – за агрэсіўнасць, за палітыку пагрозаў, шантажу, за няўменне і нежаданне цывілізавана паводзіць сябе ў цывілізаваным свеце, за крыўды, учыненыя слабейшым. Дружна падтрымліваючы каманду Алжыра, асвістваючы каманду Расіі, заўзятары на арэне «Байшада» выказвалі тым самым пратэст супраць агрэсіўнай палітыкі Масквы і салідарнасць з тымі, хто супрацьстаіць гэтай агрэсіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0