«Чорныя капальнікі» ў лесе за вёскай Малыя Круговічы раскапалі восем курганных могільнікаў ХІ-ХІІІстагоддзяў, якія могуць належаць да гісторыка-культурных каштоўнасцей. Якія скарбы знаходзяцца ў курганных могільніках на тэрыторыі Ганцаўшчыны і што прыцягвае «чорных капальнікаў»?

Пра тое, што невядомыя вандалы раскапалі курганы, паведаміла жыхарка вёскі М. Круговічы Тамара Студэнт, якая хадзіла ў грыбы і знайшла пяць раскапаных курганоў. Па словах жанчыны, раскопы былі свежыя.

Атрымаўшы гэтае паведамленне, аўтар артыкула адправіўся на пошукі гэтых курганоў. Пасля гадзіны пошукаў паабапал дарог у лесе, я знайшоў восем курганоў: сем з іх, вышынёй ад паўтара да двух метраў, былі цалкам раскапаныя, а восьмы, невялічкі курган, падкопаны толькі на некалькі штыкоў лапаты. Маштабы работ чорных капальнікаў уразілі. Арудавалі яны, быццам экскаватары, бо выкапалі не адзін куб пяску. Курганы былі разрытыя да долу, дзе, была пахавальная яма і пахаваны нашы продкі-дрыгавічы.

Ці гэта ўсе могільнікі, якія разрабавалі невядомыя вандалы, гэта павінны высветліць спецыялісты з райвыканкама і супрацоўнікі міліцыі, куды была накіравана інфармацыя пра факт несанкцыянаваных раскопак.

Факт, што вандалы перавярнулі з дзясятак кубаметраў зямлі лапатай, выклікае цікавасць. Што ж шукалі і што знайшлі чорныя капальнікі, якія шурфавалі капцы?

З пытаннем мы звярнуліся да старшага навуковага супрацоўніка Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея Віталя Герасімені. «Адказаць дакладна, што яны там шукалі, мне складана. Згодна з матэрыяламі раскопак, якія праводзіліся ў розныя гады ў навакольных курганных групах вядомымі беларускімі археолагамі Юрыем Кухарэнкам, Баянам Міралюбавым і Пятром Лысенкам, знаходкі досыць сціплыя. Ніякіх вырабаў з каштоўных металаў і камянёў знойдзена імі не было. Асноўнымі рэчамі, якія выяўлялі навукоўцы, былі рэшткі ганчарных вырабаў, таксама невялікая колькасць вырабаў з металу – жалезныя абручы і дужкі ад вёдраў, нажы і сякеры, а таксама прымітыўныя бронзавыя ўпрыгожанні. І такія знаходкі былі далёка не ў кожным кургане. Час няўмольна сцірае падобныя матэрыяльныя артэфакты», – адказаў краязнаўца.

У кнізе «Памяць», якая была выдадзена ў 1999 годзе, значыцца, што непадалёк ад в. Малыя Круговічы знаходзяцца тры групы курганных могільнікаў. Адна з іх, згодна з «Памяццю», за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад в. Малыя Круговічы, ва ўрочышчы Машукоўшчына. Тут захавалася 12 курганоў, вышынёй ад 1 да 2,3 метра, дыяметрам 8–18 метраў. Хоць на самой справе зараз там толькі чатыры ці пяць курганоў – у парослай траве іх цяжка палічыць. Астатнія зааралі, а поле і сёлета пустуе.

Вялікая група курганоў ёсць каля вёскі Ясянец, дзе даследчыкі знайшлі гліняныя гаршкі, жалезныя і бронзавыя нажы, баявыя сякеры, спражкі.

Навукоўцы ўжо ніколі не даведаюцца, што знаходзілася ў гэтых курганах, бо «чорныя капальнікі», як краты, разрабавалі гэтыя помнікі.

Насамрэч, невядома – пад зямлёй ёсць штосьці цікавае ці няма… Некаторыя групы могільнікаў на Ганцаўшчыне вучоныя не раскопвалі, альбо раскопвалі, але пра іх звестак няма.

У зямлі Беларусі, несумненна, ёсць шмат таемнага і сенсацыйнага. Але курганы ранняга Сярэднявечча, пэўна, не тыя месцы, дзе можна знайсці нейкія скарбы.

Для многіх чорных капальнікаў раскопкі не толькі хобі, але і магчымасць прадаць знаходкі.

Спецыялісты ў сваіх публікацыях у асноўным пішуць, што ў нашай краіне яшчэ няма вялікага попыту на падобныя артыфакты. Галоўным чынам усе яны прадаюцца ў Расію. Знаходкі сякер, нажоў і спражак Х–ХІІІ стагоддзяў, якія выстаўлены на продаж на розных сайтах, прадаюцца ў асноўным па цане ад 20 да 200 долараў.

Тое, што раскопкі курганоў праводзіліся несанкцыянавана, сумненняў няма. Як паведамілі па телефоне журналісту «ГЧ» з Інстытытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, дазволу на раскопкі курганоў у Ганцавіцкім раёне ў гэтым годзе не было.

Як сказала спецыяліст Інстытута НАН Беларусі Вольга Ляўко, пры аддзеле ідэалогіі і культуры райвыканкама павінен быць спецыяліст па ахове помнікаў, які абавязаны сачыць за станам помнікаў гісторыі. «У дадзеным выпадку патрэбна скласці акт і накіраваць ў Дэпартамент па ахове помнікаў гісторыі і культурнай спадчыны і ў пракуратуру – гэтыя органы павінны разабрацца з дадзеным пытаннем і прыняць меры», – сказала Вольга Мікалаеўна.

Нагадаем, што за наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў ці матэрыяльных аб’ектаў, якім можа быць прысвоены статут гісторыка-культурнай каштоўнасці, прадугледжана крымінальная адказнасць.

Даведка «ГЧ»

Курганныя могільнікі – гэта разнавіднасць пахавальных археалагічных помнікаў, якія характарызуюцца збудаваннем землянога насыпу над пахавальнай ямай. Становішча шкілетаў у дрыгавіцкіх курганах у асноўным супадае з агульнаславянскім пахаваннем: на спіне, галавой на захад. У кургане звычайна хаваўся адзін нябожчык, аднак вядомыя і падвойныя пахаванні — мужчынскія, жаночыя, змешаныя.

Шырока распаўсюджаны нажы, відавочна вельмі неабходныя ва ўмовах жыцця дрыгавічоў. У мужчынскіх пахаваннях выяўляюць баявыя і працоўныя сякеры, дзіды, наканечнікі стрэл… Аднак часцей сустракаюцца пасавыя кольцы, спражкі, рэдкая простыя драцяныя пярсцёнкі.

У жаночых пахаваннях больш за усё ўпрыгожванняў з бронзы, значна менш са срэбра, залатых упрыгожванняў не выяўлена. Шырока распаўсюджаны разнастайныя пярсцёнкі з медзі, срэбра: драцяныя (простыя, спіральныя, вітыя) і пласціністыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?