Сёння Федэральны канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у чатырохбаковай тэлефоннай размове абмеркавалі рэалізацыю мірнага плана на Данбасе.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны, падчас размовы Парашэнка праінфармаваў суразмоўцаў пра тое, што Украіна ў поўным аб'ёме выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы па рэалізацыі мірнага плана ў адпаведнасцi з рашэннем Еўрапейскага Савета і прытрымліваецца ў аднабаковым парадку рэжыму спынення агню, які быў абвешчаны да 22:00 гадзін 30 чэрвеня. Таксама прэзідэнт Украіны адзначыў, што на працягу апошніх сутак былі зафіксаваныя чарговыя факты парушэння рэжыму спынення агню з боку баевікоў.

Прэзідэнт Украіны заклікаў выконваць умовы мірнага плана, спыніць напады на ўкраінскія ваенныя падраздзяленні і блакпасты, вызваліць усіх без выключэння закладнікаў.

Украіна працягвае настойваць на вяртанні пад кантроль Дзяржаўнай памежнай службы ўсіх памежных пунктаў пропуску.

Прэзідэнт Украіны таксама заклікаў прэзідэнта Расіі ўзмацніць рэжым дзяржаўнай мяжы з боку Расіі, каб спыніць пранікненне на тэрыторыю Украіны баевікоў і наймітаў і пастаўку для іх зброі і бранятэхнікі.

Па выніках гутаркі Парашэнка даў даручэнне старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Украіны тэрмінова правесці кансультацыі з Федэральнай памежнай службай Расіі для забеспячэння механізму эфектыўнага кантролю за Украінска-расійскай мяжой.

Прэс-служба прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, адзначае, што лідары чатырох краін пазітыўна ацанілі вызваленне назіральнікаў місіі АБСЕ і правядзенне 27 чэрвеня ў Данецку чарговых кансультацый паміж прадстаўнікамі бакоў канфлікту.

«Абмяркоўвалася магчымасць накіравання інспектараў АБСЕ на пункты пропуску праз расійска-ўкраінскую мяжу.

Падкрэслена важнасць такіх кантактаў на рэгулярнай аснове. Парашэнку заклікалі падоўжыць рэжым спынення агню на больш доўгі тэрмін», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Пуціна.

Бакі дамовіліся правесці тэлефонную размову ў дадзеным фармаце 30 чэрвеня.

Першая тэлефонная размова ў чатырохбаковым фармаце адбыўся 25 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?