Нацыянальная футбольная зборная Беларусі ў перадапошнім адборачным матчы да чэмпіянату Эўропы перамагла зборную Альбаніі зь лікам 4:2 (Макс Рамашчанка, 28, 63-я хвіліна з пэнальці, Кутузаў, 45 і 55 – Багдані, 39, Каплані, 43). Матч праходзіў у Тыране на стадыёне "Кемаль Стэфа".

Гэта першая перамога беларусаў пад кіраўніцтвам Бэрнда Штанге ў афіцыйных матчах, пасьля паразаў ад Румыніі, Славеніі і Люксэмбургу.

У нашай адборачнай групе зборная Баўгарыі перамагла Румынію – 1:0. Праўда, румыны яшчэ месяц таму заваявалі пуцёўку ў Аўстрыю з Швайцарыяй, дзе налета пройдзе кантынэнтальнае першынство. Галяндыя абыграла Люксэмбург – 1:0.

Становішча камандаў: Румынія – 26, Галяндыя – 26, Баўгарыя – 22, Альбанія і Славенія – па 11, Беларусь – 10, Люксэмбург – 3.

* * *

Заключны тур у нашай – як і астатніх адборачных групах – пройдзе ў сераду, 21 лістапада.

Беларусы ў Менску згуляюць са зборнай Галяндыі, якая ўжо забясьпечыла сабе пуцёўку на чэмпіянат Эўропы. Румынія правядзе матч з Албаніяй, а Славенія з Баўгарыяй. Люксэмбург свае матчы закончыў.

* * *

З падзей дня зазначым таксама, што сёньня зборная Польшчы перамагла Бэльгію зь лікам 2:0 і заваявала пуцёўку на чэмпіянат Эўропы.

Літва перамагла Украіну - 2:0, а зборная Расеі прайграла ў гасьцях Ізраілю зь лікам 1:2, і цяпер ейны выхад на Эўра-2008 пад вялікім пытаньнем.

Ул. інф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0