Падрывы чыгуначных шляхоў і мастоў ва ўсходніх абласцях Украіны, не звязаныя з баявымі дзеяннямі у зоне АТА. Пра гэта падчас брыфінгу ў Ізюме Харкаўскай вобласці сказаў журналістам в.а. міністра ўнутраных спраў Украіны Арсен Аваков.

Паводле яго слоў, такім чынам лідар Горлаўскіх тэрарыстаў, расіянін Ігар Безлер па мянушцы «Бес» спрабуе ўсталяваць кантроль над перамяшчэннем грузаў.

«Гэтыя падрывы ажыццяўляюць марадзёры. Гэта нічога агульнага не мае з вайной. Проста грошы. Спадар Безлер такім чынам зарабляе грошы.

Ён узрывае чыгуначныя шляхі такім чынам, каб усе вагоны праходзілі праз адну-дзве ніткі і ён бы абкладаў іх данінай», — сказаў Аваков.

«Менавіта з-за гэтага спадар Безлер, паводле нашых дадзеных, забіў так званага міністра транспарту так званай «Данецкай народнай рэспублікі», — таму, што на гэтую тэму ў іх былі супярэчнасці», — сказаў в.а. міністра.

***

Раніцай 1 ліпеня баевікі здзейснілі падрывы трох участкаў чыгункі ў Данецкай і Луганскай абласцях.

30 чэрвеня тэрарысты спрабавалі падарваць цягнік з боепрыпасамі на ўчастку Кіеў—Харкаў

29 чэрвеня ў Харкаўскай вобласці быў ажыццёўлены падрыў рэйкавага палатна ў двух месцах. 27 чэрвеня невядомыя двойчы ўзрывалі чыгуначны мост на станцыі «Горадня» (Луганская вобл.). 24 чэрвеня ў Запарожскай вобласці невядомыя ўзарвалі чыгуначны мост на выездзе з горада Арэхаў. 22 чэрвеня на ўчастку Ілавайск — Кутейнікава невядомыя ажыццявілі падрыў няцотнай каляіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0