Беларусь і Расія заўсёды будуць разам. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы ў Мінску з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным.

kremlin.ru

kremlin.ru

Аляксандр Лукашэнка назваў прыезд Уладзіміра Пуціна ў Беларусь у гэтыя святочныя дні сімвалічным.

«Гэта сімвалізуе наша адзінства, кажа пра тое, што мы як былі тады разам, так і заўсёды будзем разам», — сказаў Лукашэнка.

«Мы вельмі цэнім ваш прыезд у гэтыя святочныя дні. Няхай і цяжкія былі часы, але ўсё-такі перамога пасля ўсіх цяжкасцяў была жаданая і агульная».

«Як я неяк ужо сказаў, калі мяне тут дапякалі асобныя людзі: не хвалюйцеся, калі трэба, мы станем спіной да спіны і будзем абараняцца, мы будзем змагацца, як калісьці змагаліся разам», — адзначыў кіраўнік Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за прыезд, а таксама за дапамогу і падтрымку, якія аказваюцца краіне і эканоміцы.

«Мы гэта памятаем, і паверце, што паволі і Расія, і Беларусь з сусветнага крызісу выбіраюцца. Мы станем на ногі і, упэўнены, эканамічна будзем яшчэ мацней», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін заявіў, што беларускі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны паказаў прыклад самаахвярнасці і шчырай любові да Радзімы. «Мы схіляемся перад мужнасцю і воляй беларускага народа», - падкрэсліў расійскі прэзідэнт.

Таксама ён адзначыў, што Расія і Беларусь працягнуць умацоўваць добрасуседскія сувязі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Больш за тое, новыя вялікія магчымасці для паглыблення ўзаемаадносін дае дамова аб ЕАЭС.

«Перакананы, стабільнасць і росквіт нашых краін, адзінства народаў Расіі і Беларусі — менавіта тое, за што змагаліся і пра што марылі героі Вялікай Айчыннай вайны.

Няхай слаўныя традыцыі братэрства, узаемадапамогі, згуртаванасці будуць і далей служыць надзейнай асновай для развіцця расійска-беларускіх сувязяў і саюзных адносін», — рэзюмаваў Уладзімір Пуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?