У Мінску стартавала сямейная фотавыстава «Тысячы адкрыццяў». Мэта выставы — умацоўваць і прасоўваць сямейныя каштоўнасці, фарміраваць у навакольных разуменне важнасці сям'і ў жыцці кожнага чалавека.

Арганізатарамі выставы «Тысячы адкрыццё» выступілі Фонд ААН у галіне народанасельніцтва, Група кампаній «Алютэх», «Святочнае Бюро Ларысы Грыбалёвай» і беларускі сямейны партал rebenok.by.

«У Беларусі налічваецца больш за 2 691 тысячы сем'яў. Сямейнымі адносінамі звязаныя больш за 8 мільёнаў чалавек, або 86% насельніцтва краіны. У кожнай сям'і свая ўнікальная гісторыя. У адной сям'і мужчына ці жанчына без партнёра выхоўвае дзяцей, у іншай лічаць не прынцыповай афіцыйную рэгістрацыю адносін, у кагосьці адно дзіця, а ў кагосьці тры. Кожны робіць свой выбар, а мы, у сваю чаргу, павінны падтрымліваць усе тыпы сем'яў, падаючы магчымасць развівацца кожнаму. Наш праект накіраваны на тое, каб яшчэ раз нагадаць усім, як важна, незалежна ад таго, вялікая ці маленькая ў вас сям'я, праводзіць час разам. Мы спадзяемся, што прыклад герояў нашай выставы матывуе беларусаў шукаць яшчэ больш цікавых падстаў для сустрэч і святаў», — падзяліўся на адкрыцці выставы прадстаўнік ААН/ЮНФПА Санака Самарасінха.

Героі выставы — беларускія сем'і, якія распавялі арганізатарам аб самых шчаслівых момантах сямейнага жыцця. Сваімі унікальнымі гісторыямі падзялілася каля 70 сем'яў. Для аўтараў 30 найлепшых (па меркаванні арганізатараў) гісторый у падарунак былі арганізаваны прафесійныя фотасесіі, дзякуючы якім яны змаглі яшчэ раз перажыць апісаныя ў конкурсным аповедзе эмоцыі.

Ларыса Грыбалёва, дырэктар Святочнага бюро, адзначыла, што беларусы ўсё больш становяцца зацікаўленымі ў нестандартным баўленні часу ўсёй сям'і: «Сярод такой вялікай колькасці расповедаў найбольш папулярнай апынулася тэма актыўнага адпачынку на прыродзе: ад пікніка да сямейных спартакіяд. Важна, што бацькі, нягледзячы на хуткі рытм жыцця, ўсё больш імкнуцца ствараць умовы для актыўнага адпачынку сваіх дзяцей, адцягваючыся ад працоўных клопатаў».

Пра важнасць сямейнага адпачынку і падтрымкі сямейных каштоўнасцяў у беларускіх арганізацыях распавёў Уладзімір Рыбакоў, дырэктар па маркетынгу ГК «Алютэх».

— Кажучы пра сваю сістэму каштоўнасцяў, нашы супрацоўнікі на першае месца ставяць сям'ю. Мы гэта разумеем, бо менавіта падтрымка сям'і дае той магутны імпульс, які дазваляе рухацца далей, дасягаць новых вяршыняў і даваць рады любым нестандартным сітуацыям. Менавіта таму мы арганізуем для работнікаў кампаніі экскурсіі, адпачынак на прыродзе, гульні ў лазертаг і пейнтбол і іншыя мерапрыемствы, у якіх яны ўдзельнічаюць разам з сем'ямі.

Выстава будзе доўжыцца да 1 кастрычніка 2014 года. Фотаздымкі праекта «Тысячы адкрыццяў» можна будзе паглядзець на галоўнай алеі Парку Горкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0