міністры замежных спраў Расіі і Украіны Сяргей Лаўроў і Павел Клімкін, фота Reuters.com

міністры замежных спраў Расіі і Украіны Сяргей Лаўроў і Павел Клімкін, фота Reuters.com

Міністры замежных спраў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі, што сустракаліся ў Берліне па ініцыятыве Германіі, узгаднілі пакет мер па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

«Можна сказаць, што мэта дасягнута», — цытуе Reuters міністра замежных спраў Францыі Ларана Фабіюса.

У прыватнасці, бакі дамовіліся аб неабходнасці тэрмінова ўзгадніць ўмовы перамір'я і ў бліжэйшы час склікаць кантактную групу для абмеркавання гэтага пытання, паведаміў расійскі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў.

«Ёсць выразная прыхільнасць двухбаковаму спыненню агню», — сказаў пасля экстранай сустрэчы ў сталіцы Германіі нямецкі міністр замежных спраў Франк-Вальтэр Штайнмаер.

Пры гэтым кіраўнік украінскага МЗС Павел Клімкін падкрэсліў, што гэта магчыма толькі пры выкананні мірнага плана, прапанаванага Пятром Парашэнкам.

Удзельнікі сустрэчы сышліся на тым, што сачыць за ўрэгуляваннем сітуацыі павінна АБСЕ.

Акрамя таго, міністры падтрымалі ідэю адправіць на расійскія памежныя пункты назіральнікаў ад арганізацыі.

«Толькі калі заціхнуць аўтаматы, пасля падпісання паўнавартаснага пагаднення аб спыненні агню, стане магчымым абмеркаванне вырашэння крызісу», - сказаў нямецкі міністр замежных спраў Франк-Вальтэр Штайнмаер перад пачаткам сустрэчы.

Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, якая неаднаразова праводзіла перамовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным падчас ўкраінскага крызісу, паабяцала «не спыняцца ў дасягненні дыпламатычнага вырашэння канфлікту».

«Але мы яшчэ далёкія ад мэты», - сказала яна, выказаўшы шкадаванне аб парушэнні рэжыму спынення агню з боку сепаратыстаў.

Яна не выключыла магчымасць увядзення больш жорсткіх санкцый у дачыненні да Масквы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?