Маргарыта Царан

Дзяўчына, якая пацярпела праз выкладчыка‑наркагандляра, зможа аднавіцца толькі на платнае аддзяленьне — усе хадайніцтвы пра бюджэтную форму навучаньня адміністрацыя Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту імя Я. Купалы адхіліла.

«Грибы. Мухомор высушить, измельчить — под язык…Экстази даёт большую порцию физической и психической энергии, чувство радости…употреблять можно через нос, в виде раствора «по вене» — сильнее…Коноплю можно высушить и выкурить. Нет никакой зависимости…Наркоманы — философы…»

Гэта — ўрыўкі з канспэктаў студэнтаў псыхалягічнага факультэту Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту імя Я. Купалы (ГрДУ). Такім быў зьмест лекцыяў па «Асновах права» выкладчыка Андрэя Здасюка. Акрамя адкрытай прапаганды наркотыкаў, Здасюк займаўся іх продажам. Адной зь яго ахвяраў стала студэнтка‑першакурсьніца псыхалягічнага факультэту Маргарыта Царан, якая за куплю 0,28 грамаў марыхуаны атрымала 4 гады зьняволеньня. Выкладчыку‑драгдылеру сьледчыя дазволілі зьбегчы ад пакараньня.

Нагадаем, у сакавіку студэнтку Маргарыту Царан асудзілі за набыцьцё марыхуаны. Наркотык яна купіла па просьбе знаёмага, Андрэя Кісяля, у свайго выкладчыка Здасюка. Калі прынесла Кісялю, яе ўжо чакалі міліцыянты. Дзяўчына правяла агулам 5 месяцаў ў калёніі, да верасьня, пакуль прэзыдыюм Гарадзенскага абласнога суду не зьмяніў прысуд на больш мяккі — 3 гады ўмоўна.

На жыўца

Андрэй Кісель быў завэрбаваны міліцыяй. Затрыманы за ўжываньне марыхуаны, хлопец меў «заданьне» — знайсьці чалавека, які змог бы купіць наркотык у выкладчыка Здасюка. Маргарыта стала такой «нажыўкай». У якасьці «ўзнагароды за супрацоўніцтва» Кісялю пазьней далі ўмоўны тэрмін.

На першым і адзіным допыце адразу пасьля затрыманьня выкладчык Андрэй Здасюк прызнаўся ў продажы марыхуаны і Маргарыце, і іншым маладым людзям, нават школьнікам. Але сьледчы прыняў рашэньне адпусьціць выкладчыка пад падпіску аб нявыезьдзе.

Маці Маргарыты, Валянціна Царан, якая выступала абаронцай дачкі ў гэтай справе, мяркуе, што сьледчы так зрабіў, бо драгдылер насамрэч супрацоўнічаў са спэцслужбамі:

«Звычайнага чалавека не адпусьцілі б! Ён прызнаўся ў факце неаднаразовага продажу наркотыкаў нават дзецям — Здасюку пагражала да 10 гадоў зьняволеньня», — лічыць Валянціна Царан.

У пракуратуры «Ведамасьцям» патлумачылі дзеяньні сьледчага так:

«Проста няма сэнсу арыштоўваць і карміць за дзяржаўны кошт розных «наркаманаў» на час сьледства».

Альма‑мачыха

Ад моманту інцыдэнту Унівэрсытэт не зрабіў нічога, каб гісторыя Маргарыты Царан не паўтарылася з іншымі студэнтамі.

Калі распачалі крымінальная справа супраць Маргарыты, афіцыйна ГрДУ не толькі не паспрабаваў абараніць сваю студэнтку — адміністрацыя пасьпяшалася ціха пазбавіцца ад дзяўчыны.

«Яны пачалі вінаваціць толькі мяне, маўляў: «Вы дарослы чалавек і павінны былі думаць галавой, што робіце», — узгадвае Маргарыта.

«У дэканаце трэсьліся за свае месцы. Выкладчык зьнік, а дачку папрасілі напісаць заяву па асабістаму жаданьню, каб толькі ўсё было ціха і мірна: няма ні студэнта ні выкладчыка», — распавядае Валянціна Царан.

Маці доўгі час спрабавала дамагчыся сустрэчы з рэктарам:

«Мяне не пускалі нават у прыёмную. Пытаю: «Чаму?» Адказваюць: «Бо тут ёсьць слова «наркотыкі».

Выкладчык, афіцыйная асоба, распаўсюджваў наркотыкі адкрыта, дыктуючы прайс падчас лекцый, ледзь не ад імя ўнівэрсытэту — але ў ГрДУ гэты факт не стаў нагодай хоць бы для простага «абмеркаваньня ў калектыве». Ніхто з арганізатараў вучэбнага і выхаваўчага працэсу не быў пакараны нават вымовай. Тым больш ніякіх наступстваў не было і для кіраўніцтва адукацыйнай і ідэалягічнай «вэртыкаляў» горада і вобласьці.

Дэкан юрфаку Марыя Жук, дзе працаваў выкладчык, баіцца размаўляць на тэму Здасюка:

«Мне не зразумела як выкладчык мог дапусьціць такое, тым больш выкладчык права…»

Спадарыня Жук узгадала, што перш чым стаць асьпірантам і выкладчыкам, Здасюк «быў адным з найлепшых студэнтаў».

Супрацоўніца кафэдры «Дзяржаўнага працоўнага і сельскагаспадарчага права» юрыдычнага факультэту цьвёрда запэўнівае «Ведамасьцям»: «Здасюк быў добрым выкладчыкам, бо ў нас дрэнных няма».

Варта адзначыць, што рэктар ГрДУ Яўген Роўба аказаўся адзіным чалавекам з адміністрацыі ўнівэрсытэту, хто, хоць і прыватна, але папрасіў прабачэньня ў Маргарыты Царан. «За ўсіх» — але ўжо пасьля таго, як дзяўчына выйшла з 5‑месячнага заключэньня.

Пасьля калёніі

«За тое, што я мылася часьцей чым адзін раз на тыдзень, мяне пастаянна каралі пазачарговай прыборкай прыбіральняў», — узгадвае дзяўчына эпізоды са свайго жыцьця ў калёніі. У яе рэзка пахіснулася здароўе.

Цяпер Маргарыта рыхтуецца зноў аднаўляцца на вучобу ва ўнівэрсытэце. Але ўсе хадайніцтвы пра бюджэтную форму навучаньня адміністрацыя ГрДУ адхіліла. Дзяўчыне прапанавалі аднавіцца на платнае аддзяленьне.

Ведамасці

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0