Начную Імшу на Будслаўскім фэсце ўзначаліў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. Як заўжды, перад Імшой адбылася працэсія са знічамі з абразом Маці Божай Будслаўскай.

«Эксцэленцыі, гэта ваша святыня, ваш народ, вы заручаны з гэтым народам, і радуйцеся гэтаму святу! Дарагія святары, калі гэтыя людзі сёння тут, — гэта значыць, што хтосьці паклапаціўся пра іх. Законнікі і законніцы, вы — душа гэтага народа, якая моліцца, і яна перадалася народу ў малітве. І вы, дарагія браты і сёстры, якія напоўнілі сёння гэты пляц больш густа, чым зоркі на небе, — гляньце на святло вашых свечак, бо за кожнай з іх ёсць чыёсьці сэрца», — звярнуўся Апостальскі Нунцый да прысутных біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў.

«Марыя, наша Маці, мы збіраемся вакол Цябе, каб у Цябе прасіць дапамогі і Табе аддаць хвалу», — звярнуўся арцыбіскуп да Маці Божай.

Згадваючы словы першага з літургічных чытанняў, іерарх звярнуў увагу, што ў іх Бог суцяшае Марыю: «Радуйся, дачка Сіёна, весяліся і радуйся ад усяго сэрца». «Чаму ёсць патрэба суцяшаць Марыю? Бо Яна бачыць чалавечыя сэрцы і зло, якое ёсць у іх, і, як для кожнай маці, гэта для Яе вельмі балюча», — патлумачыў прадстаўнік Папы, дадаўшы, што «найвышэйшы знак гэтага цярпення – укрыжаваны Божы Сын». 

«Сёння мы паўтараем: радуйся, Марыя. Радуйся, нават калі навокал слёзы, калі працягваюцца войны, калі забіваюць людзей. Радуйся, Марыя, бо мы збіраемся тут не для таго, каб углядацца ў нашы грахі, але каб узірацца ў нашу будучыню, падораную нам смерцю Твайго Сына, — дадаў арцыбіскуп. - Дарагія браты і сёстры, давайце сёння забудземся пра нашы грахі. Вядома, яны ёсць, але калі б Бог не ўчыніў нам сапраўды вялікія справы, мы сёння б не былі тут». 

Па словах іерарха, «кожнаму з нас Бог кажа: «Радуйся, трыумфуй, бо Я з вамі»». «Гэта сапраўдны цуд — тое, што Бог сабраў вас тут», — падкрэсліў Апостальскі Нунцый. Таксама арцыбіскуп запэўніў вернікаў: «Папа хацеў бы быць з вамі і Папа ёсць з вамі: ён з вамі, калі вы плачаце і калі ўсміхаецеся». 

Іерарх звярнуў увагу на прадстаўлены ў літургічным чытанні вобраз Бога, які суцяшае Марыю.

«Бог суцяшае і вас, беларускі народ, — адзначыў прадстаўнік Святога Айца. — Вы — народ, які, як Марыя, бачыў смерць Яе Сына».

Згадваючы пра будслаўскі касцёл, арцыбіскуп сказаў: «Гэты касцёл застаўся, і ў ім застаўся абраз, з якога Божая Маці благаслаўляе свой народ. Гэты абраз намаляваны ў сэрцы кожнага з вас, і ніхто не здолеў сцерці яго з вашых сэрцаў». 

«Таксама і вы стаялі пад крыжам замучанага Хрыста. Таксама і вы былі целам Хрыста ўкрыжаванага. Як на рукі Марыі было пакладзена мёртвае цела Езуса — так Яго замучанае цела лягло на рукі беларускага народа. І колькі разоў у вашай гісторыі на вашы рукі хацелі пакласці мёртвае цела Хрыста, але пасля трох дзён вы стаялі перад Хрыстом уваскрослым», — адзначыў арцыбіскуп.

Па словах Апостальскага Нунцыя,

«другое запрашэнне, скіраванае Богам да Марыі і таксама да беларускага народа, — не бойся, няхай не слабеюць рукі твае». «Не бойся, беларускі народ, нават калі цяжка, нават калі трэба плакаць, — не бойся! —

заклікаў іерарх. Арцыбіскуп дадаў, што «страх — тое, што забівае нас: не канкрэтная рэчаіснасць, а страх будучыні», «страх перашкаджае нашым зносінам, перашкаджае нам сустракаць адзін аднаго на вуліцах і дома», «страх часта загадвае нам не казаць тое, што мы думаем, не паказваць тое, што адчуваем», «страх кажа: заставайся на сваім месцы, там, дзе ты зараз». 

Згадваючы, што беларускі народ называюць найбольш цярплівым у свеце, іерарх адзначыў: «Цярплівасць — вялікая цнота, пры ўмове, што яна не ператвараецца ў недахоп павагі да сябе». «Сёння на вас спазірае Божая Маці і кажа: няхай не слабеюць вашы рукі. І ў цябе ёсць будучыня, беларускі народ, і перад табой ёсць дарога, нават калі ты яе не бачыш, — Бог падрыхтаваў гэтую дарогу для цябе, —

звярнуўся Апостальскі Нунцый да вернікаў. — Твой Бог сярод цябе зараз у гэтай Эўхарыстыі, і заступніцтва Яго Маці таксама з табой». 

«Не бойся — гэта словы, скіраваныя да кожнага з вас, і іх крычаў святы Ян Павел ІІ падчас свайго Пантыфікату, — дадаў арцыбіскуп. —

Беларускі народ, не дазволь самому сабе згасіць у табе жыцця, не стань сваім уласным катам». Іерарх падкрэсліў, што «ўвесь свет, гледзячы ў вочы гэтага народа, які будзе адчуваць сябе любімым Богам, адчуе, што Бог жыве».

4 ліпеня, у першы дзень урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, адбылася Імша для пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў з розных дыяцэзій Беларусі. Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Урачыстай адпустовай Імшой 5 ліпеня 2014 г. у Нацыянальным санктуарыі завяршылася святкаванне Юбілейнага года 400-годдзя прысутнасці цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. Таксама яна была прысвечана падзяцы Богу за кананізацыю Яна Паўла II. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0