У музыкаў з гурта Evand ўжо ёсць адданыя прыхільнікі, якія наведваюць кожны «перформанс». Сачыць за іх творчасцю не так ужо і цяжка: у музыкаў ёсць свой расклад выступленняў, якім яны заўсёды дзеляцца ў групе «Вконтакте».

Данііл Кулікоўскіх і Андрэй Ходас, студэнты музычнага каледжа ім. Глінкі, у красавіку першы раз выйшлі ў падземны пераход і сыгралі некалькі мелодый на скрыпцы і віяланчэлі. Пазней да іх далучылася некалькі аднагрупнікаў. Так атрымалася група Evand — напэўна, самая папулярная «вулічная» каманда ў Мінску. Аб прыхільніках, праблемах і заробках мы размаўляем з Даніілам Кулікоўскіх, скрыпачом і кампазітарам групы.

— Людзей спачатку цікавіць не столькі музыка, колькі нашы інструменты: віяланчэль, кантрабас — некаторыя ні разу ў жыцці іх не бачылі. Гучанне, праўда, таксама ўражвае: у пераходзе бо рэха, і ад гэтага эфект узмацняецца. Людзям падабаецца! Некаторыя нам нават пісалі: ваша музыка натхніла на працяг вучобы ў музычнай школе. На такое мы не разлічвалі. Проста паграць хацелі. Першапачаткова цікава было нешта разабраць з хлопцамі ў музыцы. А потым ужо вырашылі паказаць гэта людзям і зразумелі, што ім спадабалася. Можна і далей працягваць займацца сваёй справай.

На адным з нашых выступаў хлопец выйшаў у круг і пачаў танчыць пад AC/DC, чыю музыку мы як раз гралі. Гэта і нам дапамагло, і народ павесяліла.

Часцей за ўсё мінакі, як правіла падпітыя, просяць нас сыграць «Мурку». Гэтую песню мы не пагодзімся граць ніколі ў жыцці: па-першае, гэта проста не наш узровень, па-другое, нават непрыстойна, ці што, перад людзьмі. Калі казаць пра іншыя папулярныя «замовы», то гэта звычайна AC/DC або Вівальдзі. Такое мы сыграем з задавальненнем.

— У вас ужо ёсць пастаянныя слухачы?

— Так, мы пазнаем іх у натоўпе, але іх пакуль няшмат. Часта яны просяць нас папярэджваць, дзе менавіта мы збіраемся граць сёння, але мы ніколі не ведаем, прагоняць нас праваахоўныя органы ці не. Таму за дакладнасць інфармацыі паручыцца не можам.

— Ці не плануеце адыходзіць ад цяперашняга фармату і перабірацца на сцэну?

— Так, плануем. Літаральна за гэты месяц хочам зрабіць свой першы канцэрт. Арыентыровачна ў бары Coyote, але дакладна яшчэ не ведаем. Хутчэй за ўсё, атрымаецца там. Выходзіць на сцэну, падымацца на новы ўзровень — усё гэта ў бліжэйшых планах. І першы альбом напісаць трэба.

— Зараз, граючы ў пераходзе, атрымліваецца нешта зарабіць? Або музыка пакуль толькі для душы?

— Першапачаткова мэты зарабіць не было. Але мы ставім кейс — людзі кідаюць што-небудзь, калі музыка падабаецца. За час нашай ігры сабраць атрымліваецца няшмат, але на жыццё хапае. Пакуль што я б назваў гэта другарадным заробкам.

— А чым абумоўлены такі выбар інструментаў?

— Нам хацелася чагосьці незвычайнага. Мы маглі б, вядома, сабраць звычайны склад: гітара там, бас-гітара… Але хацелася стварыць тое, чаго пакуль яшчэ мала ў свеце: так лягчэй знайсці публіку, бо ўсім хочацца чагосьці новага.

— Вашы выкладчыкі ў каледжы напэўна ведаюць аб вашай групе. Як яны ставяцца да гэтага?

— Ведаюць, так. Але ставяцца да гэтага, шчыра кажучы, не вельмі пазітыўна: яны думаюць, што гэта дрэнна ўплывае на нашу вучобу. Хоць некаторыя педагогі хваляць. Нягледзячы на тое, што мы быццам бы займаемся музыкай, гэта значыць тым, чым і ў каледжы, многім не падабаецца, што мы не паспяваем часам нешта вывучыць. Гэта ж выкладчыкі — заўсёды знойдуць, да чаго прычапіцца.

— Пасля чэмпіянату стаўленне міліцыі да вас неяк змянілася?

— Не сказаў бы. Усё засталося прыкладна на тым жа ўзроўні. Вось, напрыклад, сёння нас нават хацелі забраць у апорны пункт. Але заступілася публіка, і ўсё абышлося.

— Вы ведаеце сваіх канкурэнтаў у Менску?

— Калі мы са скрыпачом выйшлі граць дуэтам, былі адзіныя ў пераходзе. Ужо літаральна праз дні тры-чатыры пасля таго, як пра нас напісалі, сталі з'яўляцца склады «скрыпка + віяланчэль», «чатыры скрыпкі», «дзве скрыпкі». Усе струнныя Мінска павылазілі на вуліцы. Нам гэта не вельмі прыемна, але мы нармальна прымаем гэту з'яву: граюць бо цалкам прыстойна, у горадзе гучаць вядомыя класічныя творы, людзі задаволеныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?