Нядаўна была ў паліклініцы, рабілі прышчэпку малодшаму. Убачыла маладую дзяўчыну гадоў 20-ці з малым. Такая кранальная карціна — толькі што сама дзіця і на руках дзіця.

Падумала — напэўна і я так выглядала, калі нарадзіла старэйшага ў свае 20. А як я выглядала ў 23, калі ў мяне іх было ўжо трое?..

Стала ўзгадваць, як гэта было. Усе вакол яшчэ не замужам, тым больш без дзяцей. Усе вольныя ў перамяшчэннях і часе. Я заўсёды пры дзецях або дзеці са мной. Бабулі далёка, ды і заўсёды было прынцыпова, што не іх справа маіх дзяцей гадаваць, на няню грошай не было і не прынята. Раз у паўгода атрымлівалася кудысьці вырвацца, да маладых вольных сяброў - на вяселле, дзень нараджэння, і звычайна гэта сканчалася вяртаннем дадому п'яненькай і закуранай. Жудасная карціна з боку.

Не-не! — падумала я. — Я не шкадую аб страчанай маладосці, але лепш нараджаць дзяцей пасля 30, як цяпер маё чацвёртае дзіця, трэці сын. Мазгі на месцы, разумееш сваю місію, усведамляеш адказнасць цалкам, шануеш атрыманае шчасце…

Так-так! — працягвала я. — Каля 30. У 40 ужо пазнавата. Для першага. Другога можна, так. А першага — гэта неяк позна. Напэўна ў 40 толькі ў дзяцей і сыходзяць людзі, калі яны першыя.

А потым я зразумела. Як не ведала я ў 20, як будзе ў 30, так нічога я не ведаю ў свае 30, як будзе ў 40. А тым больш не ведаю, як правільна. І няма правільна ці няправільна.

І хай нараджаюцца дзеці ў маладзенькіх 16-гадовых дзяўчат і ў сталых жанчын у 46. ГАЛОЎНАЕ, КАБ ІХ ЛЮБІЛІ.

І не бачылі ў іх цяжар у першым выпадку або будучую сядзелку ў другім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?