Сёння адбудзецца другі паўфінальны матч чэмпіянату свету па футболе. Германія будзе чакаць нядзельнага суперніка, ім стане пераможца пары Аргенціна — Галандыя.
Ці змогуць галандцы нарэшце выйграць Мундыяль? Ці ўсё ж Аргенціна павінна пазмагацца за гонар кантыненту. Яшчэ ніколі еўрапейскія каманды не перамагалі на тэрыторыі Паўднёвай Амерыкі.
Аргенціна – Галандыя
Каэфіцыенты букмекераў: Перамога Аргенціны — 2,4, нічыя — 3,0, перамога Галандыі — 3,2.
Пачатак гульні: 23:00
Суддзя: Джунэйт Чакір (Турцыя)
Гісторыя супрацьстаянняў: Каманды сышліся ў фінале чэмпіянату свету 1978 года ў Буэнас-Айрэсе. Асноўны час скончыўся нічыйным лікам. А ў дадатковы час Марыа Кемпес забіў ці не самы прыгожы гол у фінальных паядынках мундыяляў (глядзець абавязкова на адзнацы 0:45). Аргенціна перамагла 3:1.
Зорка Аргенціны – Гансала Ігуаін
26-гадовы італьянскага «Напалі» адзначаецца на чэмпіянаце не толькі самай прыгожай барадой, але сваёй гульнёй. Менавіта гол Ігуаіна прынёс Аргенціне пуцёўку ў паўфінал, пакінуўшы за бортам Бельгію.
Ігуаін нарадзіўся ў Брэсце. Праўда, не ў беларускім, а ў французскім. Справа ў тым, што там у той час гуляў ягоны бацька Хорхе. У Гансала ёсць французскае грамадзянства, але выступаць ён вырашыў усё ж за Аргенціну, хоць прапановы з Францыі былі даволі настойлівымі.
Сталенне Ігуаіна праходзіла ў клубе «Рывет Плэйт» (тая самая аргенцінская каманда, фанаты якой падчас гульняй махаюць бел-чырвона-белымі сцягамі).
За Гансала змагаліся найлепшыя клубы Старога свету. У выніку хлопец выбраў мадрыдскі «Рэал», у складзе якога забіў больш за 100 галоў. Цяпер ён гуляе за «Напалі», як некалі ягоны славуты зямляк Дыега Марадона.
Ігуаін жанаты з аргенцінскай мадэллю Лусіянай Салазар. Сам футбаліст, кажуць, вельмі ганарыцца, што ягоная жонка больш за каго з жонак калег падобная да порнаактрысы.
Зорка Галандыі – Робін ван Персі
30-гадовы нападаючы «Манчэстэр Юнайтэда» забіў ужо тры галы на гэтым чэмпіянаце. Сёння ў Нідэрландах ад Робіна чакаюць працягу.
Зорны час ван Персі прыйшоўся на выступленне за лонданскі «Арсенал». Варта заўважыць, што ў той час яны выступалі разам з беларусам Аляксандрам Глебам. СМІ тады яшчэ жартавалі, называючы Глеба «наводчыкам», а ван Персі — «стралком».
Часам складвалася ўражанне, што ван Персі ўмее проста лётаць на полі. Забіваць з самых неймаверных пазіцый. З мінусаў адзначаюць ягоны эгаізм.
Ван Персі нарадзіўся ў сям’і творчых людзей. Ягоная мама — мастак і ювелір, а тата — скульптар. Пасля разводу ван Персі жыў з бацькам.
У 21-гадовым узросце Робін трапіў у буйны сэкс-скандал. Ён нават правёў некалькі дзён у ротэрдамскай турме па падазрэнню ў згвалтаванні стрыптызёркі. Аднак у выніку праз адсутнасць доказаў быў апраўданы.
Галандзец жанаты са сваёй даўняй сяброўкай мараканскага паходжання Бухрэ. У пары двое дзяцей.
Прагноз «НН»: Аргенціна пераможа. Цалкам еўрапейскім фінал у Паўднёвай Амерыцы быць не можа.