У Клайпедскім порце з 7 ліпеня «затрымалася» прадукцыя жывёльнага паходжання, усяго каля 100 000 тон. Расія абмежавала магчымасць праверкі тавараў, якія вязуць у краіны СНД праз Літву. Такія ж абмежаванні распаўсюджваюцца на Латвію і Эстонію.

Намеснік дырэктара Дзяржаўнай харчова-ветэрынарнай службы Зянонас Станявічус сказаў, што афіцыйнае паведамленне з «Рассельгаснагляду» Літва атрымала 4 ліпеня. У ім пазначана, што яно зацверджана 26 чэрвеня.

«Чуткі паміж прадпрымальнікамі хадзілі, але толькі фармальна. Наша служба атрымала дакумент у мінулую пятніцу», — сказаў ён.

Па словах дырэктара службы, у Клайпедскім порце «затрымалася» замарожаная прадукцыя жывёльнага паходжання. Літве, як і Латвіі з Эстоніяй, не дазваляюць пашкоджваць пломбы на грузах і правяраць, ці адпавядае прадукцыя таму, што пазначана ў дакументах.

«Расія напісала, што абмежаванне распаўсюджваецца на тыя прадукты, для якіх патрабуецца ветэрынарны сертыфікат: гэта значыць на рыбу і мяса», — сказаў ён.

Інфармацыя пра абмежаванні, якія Расія прыняла ў дачыненні да краінаў Балтыі, была перададзена Еўракамісіі. Станявічус сказаў, што ў пятніцу ў Брусэлі збяруцца кіраўнікі ветэрынарных службаў, будуць абмяркоўваць, якія дзеянні распачаць у дадзеным выпадку.

Па словах Станявічуса, інфармацыя, якая змешчана ў дакуменце з Расіі, парушае патрабаванні Еўрасаюза.

«Патрабаванне Расіі — мы не маем права праверыць транзітныя грузы на прадмет адпаведнасці паказанаму ў дакументах — зняць пломбы і паглядзець, ці сапраўды там тое, што пазначана ў дакументах», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?