Аператыўнымі супрацоўнікамі ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі (УНіПГЛ) ГУУС Мінгарвыканкама сумесна з калегамі з МУС Беларусі і байцамі спецпадраздзялення МУС «Алмаз» ліквідаваны адзін з найбуйнейшых каналаў пастаўкі з-за мяжы ў Мінск насення маку (асноўны інгрэдыент пры вырабе экстракцыйнага опію). 

Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, падчас аперацыі былі затрыманы пяцёра мінчан 1970—79 гадоў нараджэння, якія наладзілі ў сталіцы спецыфічны бізнес. Паводле наяўнай у праваахоўных органаў інфармацыі, яны працавалі ва ўсіх раёнах горада, а з часам наладзілі супрацоўніцтва і з дылерамі з іншых рэгіёнаў краіны. 

Пры аглядзе пяці арандаваных гаражоў, якія выкарыстоўваліся гандлярамі пад складскія памяшканні і фасовачныя цэхі (гаспадары нават не здагадваліся аб сапраўдных мэтах арандатараў), аператыўнікамі канфіскавана 2.700 кг насення маку, фасовачнае абсталяванне, шалі. У затрыманых канфіскаваныя асабістыя аўтамабілі, якія выкарыстоўваліся для дастаўкі тавару спажыўцам. 

У выніку, дзякуючы своечасовай ліквідацыі канала, да патэнцыяльных пакупнікоў не дайшло прыблізна 9 тысяч разавых доз на агульную суму звыш 1,8 млрд. рублёў. 

Як растлумачыў начальнік УНіПГЛ ГУУС Канстанцін Ляшкевіч, зараз дзеянням наркадылераў, якія аказаліся індывідуальнымі прадпрымальнікамі і афіцыйна гандлявалі бакалейнымі таварамі, даецца прававая ацэнка. Згодна з дэкрэтам прэзідэнта, ім пагражае штраф да 250 базавых велічынь, канфіскацыя опійнай сыравіны і аўтатранспарту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?