Апазыцыйны дзеяч Аляксандар Бухвостаў выказаў на сайце АГП усё, што думае пра "демократических борзописцев" (ня ведаю, як перакласьці:). Маўляў, тыя, хто крытыкуе сёньня апазыцыю, "прыкрываючыся нібыта сваёй прынцыповасьцю", насамрэч працуюць на ўладу.

"Відавочная патрэба ў газэтах ды іншых выданьнях, што несьлі б у масы ідэалёгію АДС, ідэалёгію адзінства ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю, сацыяльныя правы ды гарантыі, — рэзюмуе аўтар. — Мусіць быць партыйная прэса і журналісты. У нас сёньня адна партыя — АДС".

Ня будзем кпіць з таго, што бесьсьмяротная ленінская праца "Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура" і цераз стагодзьдзе аказалася цалкам запатрабаванай :)

Ня будзем сьцябацца з тае нагоды, што "ідэалёгія адзінства" ў саміх АДС сёньня найлепей ілюструецца выслоўем "хто ў лес, а хто па дровы". І ніякая гэта ня партыя, а стракатая кааліцыя ("гібрыд вужа ды вожыка", кажуць злыя языкі).

Нарэшце, ня будзем лавіць на супярэчнасьці: які ж вы дэмакрат, калі затыкаеце раты?

Канкрэтнае пытаньне: а каго будуць запрашаць на працу ў меркаваныя органы АДС? Перакупіць асаў дзяржаўнай прэсы — ці хопіць "залатога запасу"? Ангажаваць тых самых "демократических борзописцев"? А раптам яны і насамрэч, халера іх бяры, прынцыповыя — упруцца рогам і ўсё тут?

А мо' будзе вырашана адкрыць свой інстытут журналістыкі, каб накаваць новых кадраў? Толькі любы прыстойны выкладчык на першай жа лекцыі патлумачыць студэнтам, што такое свабода слова і чым журналістыка адрозьніваецца ад прапаганды. І сапсуюць кадравую рэзэрву!

Ці, можа, новыя органы абыдуцца артыкуламі апазыцыйных функцыянэраў ды рэзалюцыямі Палітрады? Ну-ну…

Дарэчы, і зараз ёсьць шэраг партыйных (у шырокім сэнсе) сайтаў, дзе ўсё вытрымана ў духу "ідэалёгіі адзінства". І ці ламануліся на гэтыя сайты легіёны наведнікаў?

Не, яны лічаць за лепшае заходзіць на ўэб-бачыны, дзе вядуць рэй расьперазаныя дэмакратычныя "борзописцы". У тым ліку і на nn.by.

Тут, у рэшце рэштаў, хоць можна адвесьці душу, закінуўшы, што "НН" стала "нейкая ня тая", і пабачыць свае выкрывальніцкія радкі ў апублікаваным выглядзе.

Тут, як і ў іншых недзяржаўных мэдыях (у каторых, канешне ж, стае хібаў), усё ж пульсуе вольная думка, канкуруюць пункты погляду, жыве дыскусія.

www.lepetittheatre.ch

Між тым мы ўжо бачылі досыць ўзораў партыйнай прэсы, скляпанай пад эгідай тытульнай апазыцыі. Падчас палітычных кампаніяў кожны, бадай, даставаў з паштовай скрыні ўлёткі ды спэцвыпускі, зробленыя менавіта на той капыл, што прапануе сп. Бухвостаў. Ну і як уражаньне?

Як казаў, крывячыся, герой старой кінакамэдыі, "ключніца гарэлку рабіла".

Зрэшты, сп. Бухвостаў, магчыма, ужо і ня рады, што разварушыў мурашнік. Ну, тое, што ўзьняліся на дыбкі лідэры незалежнай мэдыйнай супольнасьці, ня дзіва (дарэчы, ніводзін пісьменны палітык ня сварыцца з прэсай паводле вызначэньня — гэта заўжды сабе даражэй). Скажу шчыра: я парадаваўся, як выказаліся з гэтае нагоды іншыя апазыцыйныя лідэры. Ва ўсякім разе, спадары Івашкевіч, Вячорка, Мілінкевіч прадэманстравалі цывілізаванае разуменьне сутнасьці незалежнай прэсы (у чым я, дарэчы, не аднойчы пераконваўся і раней).

Так што сытуацыя з дэмакратычнай культурай у лягеры тытульнай апазыцыі, мусіць, не безнадзейная :)

Увогуле ж гэтую дыскусію варта разглядаць як акадэмічную. Праект сп. Бухвостава мае мала шанцаў на ўвасабленьне. Бо на мэдыйным рынку, да якога так-сяк прыстасавалася недзяржаўная прэса, партыйныя ворганы наўрад ці выжывуць. Прадукт апрыёры нерэнтабельны. І які, скажэце, спонсар разгоніцца марнаваць сродкі на ідэйна вытрыманую макулятуру? У "Вашынгтонскім абкаме" :) адназначна не зразумеюць. Леніна ж яны, бадай, і не чыталі, дэмакраты д'яблавы! Толькі пасьмяюцца ды спытаюць: а мо' гэта вы на ўладу працуеце?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?