У Веткаўскім раёне з-за падазрэння на ўспышку афрыканскай чумы свіней вядзецца зарэз пагалоўя на прыватных падворках.

У прыватнасці, жыхароў Неглюбскага і Вяліканемкаўскага сельскіх саветаў папярэдзілі аб магчымасці заражэння жывёлы АЧС з-за падазрэння на ўспышку хваробы ў раёне і парэкамендавалі ім рэзаць свіней. 

На Веткаўскай раённай ветэрынарнай станцыі БелаПАН паведамілі, што ўспышкі АЧС няма, ёсць толькі падазрэнні. Кіраўнікі і спецыялісты ветэрынарнай станцыі зараз працуюць у раёне, праводзяць маніторынг сітуацыі на сельскагаспадарчых прадпрыемствах прыгранічных з Расіяй вёсак. 

На ветэрынарнай станцыі запэўнілі, што пакуль загаду ліквідаваць пагалоўе свіней на прыватных падворках не было. 

Між тым у Ветцы створаны штаб па барацьбе з АЧС, яго ўзначаліў старшыня райвыканкама Андрэй Чарненка.

12 ліпеня ён таксама быў на выездзе ў раёне, таму пакуль не ўдалося атрымаць у яго каментарый. 

Старшыня Вяліканемкаўскага сельскага савета Уладзімір Соніч не стаў каментаваць БелаПАН інфармацыю аб масавым зарэзе свіней вяскоўцамі. Кіраўнік быў лаканічны: «Людзі дзейнічаюць згодна са становішчам, з разуменнем, панікі няма». 

Веткаўскі раён мяжуе з Расіяй. 8 ліпеня Расійская федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе паведаміла аб працягу распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней па тэрыторыі Калужскай, Пскоўскай і Смаленскай абласцей.

АЧС была выяўлена як у дзікоў, так і ў свойскіх свіней. «Зараз у ачагах працуюць спецыялісты дзяржветслужб Калужскай, Смаленскай і Пскоўскай абласцей пад кантролем тэрытарыяльных упраўленняў Рассельгаснагляду, праводзяцца першачарговыя мерапрыемствы», — інфармуе сайт Рассельгаснагляду. 

У Беларусі ў лютым 2014 года быў зняты каранцін па АЧС, але працягвае дзейнічаць забарона на ўтрыманне свіней у прыватных падсобных гаспадарках у пяцікіламетровай зоне ад свінакомплексаў. Забарона будзе дзейнічаць як мінімум тры гады з моманту выяўлення ачага АЧС. 

Першая інфармацыя аб успышцы АЧС у Беларусі з'явілася ў чэрвені 2013 года.

Афрыканская чума свіней - віруснае захворванне, якое лёгка і хутка распаўсюджваецца і не лечыцца. Для людзей небяспекі не ўяўляе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?