Першым лаўрэатам прэміі Івашкевіча сталі зарэгістраванае ў Латвіі маладзёжнае аб'яднанне «Альтэрнатыва» і яго кіраўнік Алег Корбан. Пра гэта было аб'яўлена 12 ліпеня на пасяджэнні сойму Партыі БНФ у Мінску. 

«Важна, што ў сённяшніх умовах застаюцца арганізацыі, якія не сыходзяць з вуліц, выказваючы пратэст супраць дзеянняў уладаў. «Альтэрнатыва» за мінулыя 12 месяцаў правяла шэраг вулічных акцый, накіраваных на абарону незалежнасці з патрабаваннем вызвалення палітзняволеных, супраць размяшчэння ў Беларусі расійскіх ваенных аб'ектаў, супраць агрэсіі Расіі ва Украіне», — сказаў старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. 

Корбан зараз не можа атрымаць памятны знак, бо адбывае адміністрацыйнае пакаранне.

Плануецца, што ўзнагарода будзе перададзена яму ўжо сёння, пасля выхаду актывіста з СІЗА. Корбан быў прыгавораны судом Партызанскага раёна Мінска да 10 сутак арышту разам з актывістам арганізацыі Уладзіславам Сяргеевым. Яны былі затрыманы за расцяжку «За незалежную Беларусь», якая ў пачатку ліпеня была вывешана ў метро. Расцяжка правісела каля 30 хвілін, пакуль яе не знялі міліцыянеры. 

Памятны знак быў заснаваны Партыяй БНФ у студзені ў памяць пра вядомага апазіцыйнага палітыка Віктара Івашкевіча, які памёр на 55-м годзе жыцця ў кастрычніку мінулага года пасля цяжкай і працяглай хваробы. Знакам узнагароджваюцца асобы, групы асоб ці арганізацыі, якія былі ініцыятарамі або арганізатарамі найбольш значных масавых акцый, у тым ліку мітынгаў, дэманстрацый, пікетаванняў, шэсцяў, аўта- ці велапрабегаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?