Сайт Крыніца.INFO апублікаваў даследванне рэлігійнасці насельніцтва Беларусі ў рэгіянальным разрэзе.
Даследванне зробленае на падставе афіцыйных дадзеных пра колькасць зарэгістраваных рэлігійных грамадаў у краіне.
Публікацыя не мае на мэце паказаць прыватную рэлігійнасць канкрэтных грамадзянаў, але высветліць, у якіх рэгіёнах і грамады якіх канфесій зарэгістраваныя, пераважаюць па колькасці, а таксама іх агульную колькасць, у тым ліку адносна колькасці насельніцтва.
Ва ўмовах адсутнасці афіцыйнай статыстыкі канфесійнай сітуацыі ў Беларусі даследванне можа дапамагчы ў аналізе дадзенай сферы.
Колькасць зарэгістраваных грамадаў адносна колькасці насельніцтва.
Аналіз наяўных дадзеных дазваляе сцвярджаць, што найбольшая колькасць рэлігійных грамадаў зарэгістраваная ў Брэсцкай вобласці.
Тут, у сярэднім на адну зарэгістраваную супольнасць вернікаў прыходзіцца 1981 чалавек. Адносна блізкія паказчыкі ў Мінскай вобласці (2145 чалавек), Гродзенскай (2355) і Віцебскай (2371). Далей ідуць Гомельская (4004 чалавекі) і Магілёўская вобласці (4308). Найменшая забяспечанасць грамадамі ў Мінску, дзе на адну зарэгістраваную супольнасць прыходзіцца 14236 чалавек.
Сярод раёнаў Беларусі па колькасці зарэгістраваных на іх тэрыторыі грамадаў зноў лідзіруе Брэсцкая вобласць.
З дзесяці раёнаў краіны, на тэрыторыі якіх афіцыйна дзейнічаюць больш за 50 грамадаў, палова знаходзіцца менавіта на Берасцейшчыне: Баранавіцкі, Брэсцкі, Кобрынскі, Пінскі і Столінскі. Апроч таго, найбольшая колькасць грамадаў у краіне зарэгістраваная ў Віцебскім, Гомельскім, Гродзенскім, Маладзечанскім і Мінскім раёнах.
Разам з тым Магілёўская вобласць з'яўляецца аўтсайдэрам па дадзеным паказчыку. Тут з 21 раёну на тэрыторыі 14-ці зарэгістравана толькі ад 1 да 10 грамадаў (пераважна на ўсходзе вобласці). У Гомельскай вобласці такіх раёнаў налічваецца толькі 9 з 21. У Віцебскай вобласці іх 4 (з 21), Мінскай — 1 (з 22).У Гродзенскай і Брэсцкай абласцях такіх раёнаў няма.
Пераважаючыя канфесіі паводле колькасці грамадаў па раёнах.
Па колькасці зарэгістраваных грамадаў абсалютным лідарам з'яўляецца Беларуская Праваслаўная Царква, чые прыходы пераважаюць у абсалютнай большасці раёнаў.
Выключэнне складаюць восем памежных з Літвой раёнаў Гродзенскай і Віцебскай абласцей, дзе пераважаюць рыма-каталіцкія парафіі, Лунінецкі, Салігорскі і Хойніцкі раёны, дзе пераважаюць грамады хрысціянаў веры евангельскай, а таксама Бялынцікі раён, дзе лідарства трымаюць грамады евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў.
Апроч таго, колькасць прыходаў БПЦ супадае з колькасцю парафіяў РКЦ у Шчучынскім і Смаргонскім раёнах, з грамадамі ХВЕ – у Ганцавіцкім, Ляхавіцкім, Клічаўскім, Касцюковіцкім, Кармянскім, Светлагорскім і Расонскім раёнах, з грамадамі ЕХБ – у Быхаўскім, Краснапольскім, Круглянскім і Чэрыкаўскім раёнах Магілёўшчыны.
Пераважаючыя накірункі паводле колькасці грамадаў па раёнах.
Калі ж лічыць грамады паводле асноўных накірункаў (каталіцтва, праваслаўе, пратэстантызм), то каталіцкія парафіі (рыма- і грэка-каталіцкія) па-ранейшаму пераважаюць ля літоўскай мяжы, хаця ў Браслаўскім раёне канкурэнцыю ім пачынаюць складаць праваслаўныя прыходы і грамады (БПЦ і стараабраднікі). Разам з тым розныя плыні пратэстантызму (ХВЕ, ЕХБ, ХПЕ, лютэранства, кальвінізм і г.д.) апроч азначаных раёнаў (Лунінецкі, Салігорскі, Хойніцкі, Бялынцікі) пераважаюць тады таксама ў Мінску, Пінскім, Ляхавіцкім, Светлагорскім, Кармянскім, Чачэрскім, Расонскім, Клічаўскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім, Чэрыкаўскім, Краснапольскім і Касцюковіцкім раёнах. Пратэстанцкія грамады складаюць таксама канкурэнцыю праваслаўным у Ляхавіцкім, Полацкім, Слуцкім, Уздзенскім, Глускім, Бярэзінскім, Крычаўскім, Петрыкаўскім і Ельскім. Цікава, што пратэстанты не пераважаюць у ніводным з раёнаў толькі Гродзенскай вобласці, дзе канкурэцыя разгортваецца паміж праваслаўнымі і каталіцкімі парафіямі.
Варта адзначыць, што перавага пратэстанцкіх грамадаў на Магілёўшчыне і ўсходняй Гомельшчыне тлумачыцца не столькі вялікай колькасцю пратэстанцкіх грамадаў, колькі малой колькасцю праваслаўных.
Праваслаўных прыходаў па раёнах найбольш налічваецца на землях былой Заходняй Беларусі, тады як найменш у Магілёўскай вобласці і ў найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнах Гомельшчыны.
Найбольш праваслаўных прыходаў (больш за 30) зарэгістравана у Мінску і вакол буйных цэнтраў: у Мінскім, Гомельскім і Віцебскім раёнах (апошнія ўлічваюцца разам з абласнымі цэнтрамі), а таксама ў Брэсцкім, Кобрынскім, Пінскім і Столінскім раёнах Брэсцкай вобласці.
Рыма-каталіцкія парафіі найбольш прадстаўленыя на поўначы Гродзенскай вобласці, захадзе Мінскай і Віцебскай.
Пры гэтым шэраг раёнаў у Магілёўскай і Гомельскай абласцях увогуле не маюць зарэгістраваных каталіцкіх парафій. Найбольш каталіцкіх парафій (больш за 15) дзейнічае ў Гродзенскім (разам з Гродна), Браслаўскім, Лідскім раёнах і Мінску.
Хрысціяне веры евангельскай прадстаўленыя ва ўсіх раёнах Беларусі, прычым раўнамерна і ў адносна невялікай колькасці (1…5 грамадаў).
Найбольш жа грамадаў ХВЕ сканцэтравалася на Палессі на мяжы Брэсцкай, Мінскай і Гомельскай абласцей. Больш за 30 супольнасцяў хрысціянаў веры евангельскай дзейнічаюць у Пінскім раёне і Мінску.
Евангельскія хрысціяне-баптысты як і рыма-каталікі на афіцыйным узроўні прадстаўленыя не ва ўсіх раёнах Беларусі.
Прычым раёны, дзе не зарэгістраваныя грамады ЕХБ, маюцца ва ўсіх абласцях. Пераважаюць жа яны на Брэстчыне. Больш за 15 іх у Мінску і Кобрынскім раёне.
Астатнія канфесіі Беларусі значна саступаюць прадстаўленым па колькасці зарэгістраваных грамадаў і не аказваюць значнага ўплыву на канфесійную сітуацыю.
Такім чынам, як бачым, асноўная колькасць хрысціянскіх грамадаў усіх без выключэнняў канфесіяў прыпадае на Заходнюю Беларусь – рэгіён, які, дзякуючы адносна позняму далучэнню да СССР, найменш пацярпеў ад камуністычных ганенняў.
Пры гэтым на ўсходзе Беларусі ў сувязі з малой колькасцю прыходаў найбольш традыцыйнай для гэтага рэгіёну Праваслаўнай царквы паводле зарэгістраваных грамадаў пачынаюць пераважаць пратэстанцкія супольнасці.
З зарэгістраваных у Беларусі рэлігійных аб»яднанняў толькі два – БПЦ і ХВЕ – прадстаўленыя ва ўсіх раёнах краіны.
Праваслаўе, мяркуючы з колькасці грамадаў, па-ранейшаму застаецца вядучай канфесіяй Беларусі, пераважаючы абсалютна ва ўсіх абласцях.
Пры гэтым цверджанні пра «Каталіцкую Гродзеншчыну» і «Пратэстанцкую Берасцейшчыну» даследваннем не пацвярджаюцца.
Хаця ў Гродзенскай вобласці і зарэгістравана найбольш каталіцкіх парафій, а ў Брэсцкай — пратэстанцкіх, аднак пераважаюць яны толькі ў канкрэтных частках абласцей (паўночная Гродзеншчына і ўсходняя Берасцейшчына), тады як у астатніх відавочная перавага праваслаўных прыходаў.





