Толькі ў дадатковы час выявіўся пераможца чэмпіянату свету па футболе.

Пасля таго галявога карнавалу, што зладзілі немцы ў паўфінале з Бразіліяй, ад Бундэсманшафт чакалі вельмі многага. Нават букмекеры рабілі еўрапейцаў безумоўнымі фаварытамі фіналу. Аднак ёсць такое правіла, што на амерыканскім мацерыку перамагаюць толькі мясцовыя каманды. Дарэчы, мяркуючы па гуле трыбун, можна было зрабіць выснову, што бразільцы заўзяліся ўсё ж за сваіх крыўдзіцеляў немцаў, а не за адвечных ворагаў аргенцінцаў.

Аргенціна на гэтым чэмпіянаце зусім не феерыць. Некаторыя нават казалі, што каманда дэманстравала нудны футбол. Граматная гульня ў абароне ставілася асноўным дасягненне аргенцінцаў. Ну, а ў нападзенні, маючы такіх майстроў, як Месі, Агуэра, Ігуаін, хоць пару шанцаў ды ўзнікне. Галоўнае — іх рэалізацыя.

У пачатку гульні немцы чакана завалодалі тэрытарыяльнай перавагай. Шмат атакавалі, але нічога выціснуць з гэтых атак не маглі. Бракавала нейкага крэатыўнага цэнтра, які б змог упрыгожыць гульню нечаканай перадачай ці нешаблонным дзеяннем. Атакі немцаў былі занадта акадэмічнымі, прадказальнымі для абароны суперніка. Спадзевы заставаліся на стандарты. Пасля аднаго з кутавых мяч трапіў у штангу варот Аргенціны, але гэта хутчэй вынятак.

Магчыма, немцам бракавала траўмаванага напярэдадні гульні Самі Хедзіры (хай Навіцкі няспынна паўтараў ягонае прозвішча, блытаючы з Азілам).

А вось контратакі Аргенціны былі нават больш небяспечныя за манатоннае нямецкае наступленне. Паўднёваамерыканская спружына выдатна расціскалася, калі каманда пачынала валодаць мячом. Асабліва характэрнай можна лічыць атаку, калі са становішча па-за гульнёй забіваў Ігуаін. Атака была проста шыкоўнай, бяда што нападнік на пару сантыметраў забег у афсайд.

Перад другім таймам былі меркаванні, што аргенцінцы могуць падсесці фізічна (маўляў, у іх было на дзень менш адпачынку дый гульня з Галандыяй была куды больш стамляльнай за лёгкую прагулку немцаў). І дзе там! Футбол не стаіць на месцы, не стаяць на месцы і фізіятэрапеўты каманд. Аргенцінцы былі ў добрай форме і другі тайм, і овертайм.

У другой палове гульні футбол атрымаўся больш цікавым. Рэальныя моманты ўпускалі абедзве каманды. То Ноер выратуе пасля сольнага прахода Месі, то Месут Азіл не здолее як след ударыць па мячы.

Усё вырашылася за пяць хвілін да сканчэння дадатковага часу. Перамогу Германіі прынеслі рэзервісты. Крос задзейнічаў Шурле, а Марыа Гётцэ адгукнуўся на ягоную перадачу.

Зборная Германіі стала чатырохразовым чэмпіёнам свету! І назваць гэтую перамогу выпадковай не выпадае. Звышталенавітае нямецкае пакаленне нарэшце дасягае вышэйшага радка. Да гэтага ў іх было па фінале на Еўра-2008, а таксама тры паўфіналы на топ-спаборніцтвах. Германія сапраўды была найлепшай у Бразіліі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?