Прадказальнае пекла ў каментарах з нагоды смерці Навадворскай, я думаю, спадабалася б Леры.
Нянавісць ворагаў бадзёрыла яе, яна шмат дзесяцігоддзяў цвяліла гэты заапарк сваім бездакорным чалавечым прамастаяннем. Надпіс на дзвярах клуба санкюлотаў — «Што ты зрабіў для таго, каб быць расстраляным у выпадку прыходу непрыяцеля?» — быў яе штодзённым дэвізам. Лік тых, што жадалі ёй смерці, ішоў на сотні тысяч.
Ну што ж, іх можна павіншаваць.
Нас — не.
З усёй відавочнасцю ў апусканні краіны пройдзеная чарговая адсечка, бо раней такія тэксты былі прывілеем газеты «Пульс Тушына», а такія жарты — няхітрым шчасцем аддзела гумару газеты «Заўтра».
Сёння гэты сорам плодзяць, у тым ліку, журналісты «Камсамольскай праўды» і супрацоўнікі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва.
І не будзем строіць дурня, разважаючы, што яны выказваюць сваё асабістае меркаванне, — яны ж не выкінутыя тут жа, з ганьбай, прэч з сваіх рэдакцый, ці не праўда?
О, не.
Яны ў трэндзе — і яны не маргіналы, у адрозненне ад памерлай.
Тыя, што прачыталі кніг з камароў нос (і не тых) — гучна, на ўсю краіну, святкуюць смерць адной з найбольш адукаваных асобаў Расіі.
Бактэрыі шумна адзначаюць перамогу над космасам. Шпана, якая разумее патрыятызм як пропуск у засекі Радзімы, куражыцца над заўчасным сыходам жанчыны, якая заплаціла за сваю непадзеленую любоў да Айчыны так, як не плаціў на нашай памяці ніхто.
Асаблівую радасць улюлюкаючым дастаўляе аддзяленне гнойнай хірургіі, у якім памерла Навадворская…
Як не пажартаваць пра гэта!
Можна абмяркоўваць ідэалогію — заалогію абмяркоўваць не даводзіцца.
Калі скокі над трупам ворага становяцца грамадскай нормай, а рогат гіены — дамінуючай эстэтыкай, гэта азначае, што чалавечае жыццё ў саванне падыходзіць да канца.
Спачуванне альфа-самца, прамога нашчадка тых, хто катаваў Навадворскую, толькі дадае шарму ў пейзаж.
Не выключана, што яго, кончанага цыніка, самога змяце калі-небудзь гэтая заалогія, якую ён так шмат гадоў культываваў для барацьбы з намі.
Нават амаль напэўна змяце — на мінулым гістарычным вітку шарыкавы ў рэшце рэшт з'елі і швондзера, — толькі барменталям ад гэтага не лягчэй.
Рогат і цюгаканне нясуцца над целам Навадворскай па прасторах вольнага Фэйсбука.
Гэта Валерыя Ільінічна Навадворская ў апошні раз паслужыла Расіі.
Сваёй смерцю яна яшчэ раз папярэдзіла нас аб смяротнай небяспецы, якая навісла над намі.