Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў пастанову, якой прадугледжана забарона на дзяржзакупкі аўтамашын і тэхнікі замежнай вытворчасці. Аб гэтым кіраўнік расійскага ўрада заявіў сёння на нарадзе з віцэ-прэм'ерамі.

«На набыццё тавараў і паслуг з федэральнага бюджэту выдзяляюцца каласальныя сродкі, і, зыходзячы з агульных меркаванняў, лепш, калі яны дастаюцца айчынным кампаніям, а не замежным вытворцам. У тым ліку, вядома, калі айчынныя кампаніі здольны канкурыраваць з замежнымі вытворцамі па якасці і цэнавым крытэрыі», — сказаў Дзмітрый Мядзведзеў.

Дакумент устанаўлівае забарону на дзяржаўныя і муніцыпальныя закупкі розных відаў тэхнікі замежнай вытворчасці, але размова ідзе не толькі аб аўтамабілях чыноўнікаў, але і аб грамадскім транспарце, спецтэхніцы эстранных службаў, бюджэтных арганізацый і камунальнікаў.

«Гэты дакумент не азначае поўную адмову ад супрацоўніцтва з замежнымі кампаніямі. Гэта было б няправільна. Наадварот, ён прадугледжвае развіццё вытворчай кааперацыі расійскімі прадпрыемствамі, у тым ліку ў выглядзе лакалізацыі вытворчасці па шэрагу тэхнічных узораў», — адзначыў Дзмітрый Мядзведзеў. Ён растлумачыў, што размова ідзе не аб забароне замежных брэндаў, а аб тэхніцы, якая вырабляецца на тэрыторыі іншых краін.

Таксама ўрад РФ мае намер абмежаваць закупку замежнай медыцынскай тэхнікі ў тым выпадку, калі яе аналагі вырабляюцца ў Расіі. «Наша медыцынская прамысловасць рэальна стала на ногі. У параўнанні з тым, што мы мелі 10-15 гадоў таму, — гэта неба і зямля, вялікая колькасць медыцынскай апаратуры вырабляецца ў Расіі, але гэта не значыць, што мы павінны адмаўляцца ад таго, чаго ў нашай краіне няма», — заўважыў Дзмітрый Мядзведзеў. Паводле даных віцэ-прэм'ера Аркадзя Дварковіча, пералік медыцынскай тэхнікі, якая падпадзе пад абмежаванні, узгадняецца.

Акрамя таго, урад РФ мае намер абмежаваць закупку замежнага абсталявання для тэкстыльнай прамысловасці. Як паведаміў на нарадзе Аркадзь Дварковіч, адпаведны праект пастановы будзе прадстаўлены на подпіс прэм'ер-міністру РФ на працягу двух-трох тыдняў. «Базавы пералік абсталявання ўжо вызначаны, вялікіх рознагалоссяў няма», — адзначыў Дварковіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?