Пра гэта гаворыцца ў адказе Мінкульта на ліст грамадскасці ў сувязі з апошнімі актамі вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, якое занесенае ў Дзяржаўны спіс гісторыка‑культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як месца пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940‑х гадоў.

У лісце, падпісаным намеснікам міністра культуры Уладзімірам Грыдзюшкам, даецца спасылка на другі пункт артыкула 20 закона «Аб абароне гісторыка‑культурнай спадчыны». Паводле яго мемарыяльныя знакі, усталяваныя грамадскасцю ва ўрочышча, не могуць быць занесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка‑культурных каштоўнасцяў.

У інтэрв’ю БелаПАН старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) Антось Астаповіч адзначыў, што згодна з пазіцыяй Мінкульта не павінны ахоўвацца дзяржавай усе памятныя знакі, пабудаваныя ў Курапатах грамадскасцю, у тым ліку Крыж пакут і лава Клінтана. «Такім чынам, на тэрыторыі, якая знаходзіцца пад аховай дзяржавы, можна рабіць усё што заўгодна, пры адсутнасці прававых механізмаў, якія маглі б гэтаму перашкодзіць», — падкрэсліў А.Астаповіч.

Ён лічыць, што службоўцы павінны кіравацца не толькі артыкуламі закона, але і маральнымі нормамі. «Бо ненармальнай з’яўляецца сітуацыя, пры якой народны мемарыял у Курапатах можа быць беспакарана пашкоджаны», — адзначыў А.Астаповіч.

Нагадаем, у сувязі з апошнімі актамі вандалізму ў Курапатах грамадскі аргкамітэт па ўвекавечанні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій накіраваў адкрыты зварот у Адміністрацыю прэзідэнта, Генеральную пракуратуру, МУС, КДБ, Мінкульт і Менгарвыканкам. У дакуменце, падпісаным сустаршынямі аргкамітэта, старшынямі БДТАПГК і АТ «Хрысціянская злучнасць «Курапаты», змешчаны шэраг патрабаванняў да ўлад. Сярод іх — забеспячэнне аховы Курапатаў, правядзенне грунтоўнага расследавання актаў вандалізму ва ўрочышчы з прыцягненнем вінаватых да крымінальнай адказнасці, а таксама ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка‑культурных каштоўнасцяў шэрагу памятных знакаў, пабудаваных грамадскасцю ў Курапатах.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0