Барысаўскі БАТЭ стартаваў у новым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў. Супернікам беларусам трапіў албанскі клуб «Скендэрбеу» з горада Корчы. Барысаўцы зараз не ў найлепшай форме, у чэмпіянаце каманда саступіла лідарства мінскаму «Дынама». Ясна, што ў такой сітуацыі любы канкурэнт разглядаецца як небяспечны. А тым больш зразумелая леташняя параза ад карагандзінскага «Шахцёра».

Калі параўноўваць албанцаў з казахамі, то «Шахцёр» летась выглядаў усё ж мацней. Ці нават магутней, бо ў камандзе былі сабраныя вельмі рослыя і фізічна развітыя футбалісты.

Гэта быў першы матч беларускай каманды на новенькай «Барысаў-Арэне». Гледачы адплацілі камандзе ўдзячнасцю. На сустрэчы прысутнічаў 12671 глядач – рэкорд стадыёна.

На гульні быў старшыня мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра. Калі дыктар абвяшчаў аб яго прысутнасці, на арэне пачуўся незадаволены свіст сотняў чалавек.

Што да гульні БАТЭ, то, на жаль, спраўдзіліся найбольш песемістычныя прагнозы. Асабліва ў першым тайме. Катастрафічна бракавала вастрыні ў атацы. Нападаючы Віталь Радзівонаў, здаецца, ніводнага разу не змог зачапіцца за мяч. Мікалай Сігневіч колькі разоў эфектна штурхаўся, але да небяспекі гэта не прыводзіла. Некалькі разоў някепска да мяча прыкладаўся Сяргей Крывец, але брамнік «Скендэрбеу», выглядала, без асаблівых цяжкасцяў спраўляўся з ударамі.

У такіх умовах самы небяспечны момант першага тайма стварылі якраз балканскія футбалісты. Хвосткі ўдар Арэлесі з-за межаў штрафной барысаўскі брамнік Чэрнік эфектна перавёў на вуглавы.

На другі тайм барысаўцы выйшлі ў лепшым настроі. Фактычна, яны не выпускалі супернікаў на сваю палову поля. «Скендэрбеу» так і не правёў ніводнай уцямнай атакі. Зрэшты, і ў БАТЭ мала што атрымлівалася наперадзе. А калі час няўмольна поўз да сканчэння сустрэчы, албанцы не саромеліся лішнія секунды паваляцца на полі.

Ужо на апошняй хвіліне асноўнага часу Віталь Радзівонаў упусціў чысты выхад адзін на адзін з варатаром, мяч на пару сантыметраў размінуўся з далёкай штангай. Гэта быў самы рэальны момант барысаўцаў у гульні. Матч так і скончыўся нулявой нічыёй.

Праз тыдзень у Корчы БАТЭ будзе вельмі складана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?