Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін накінуўся на апазыцыю і некаторых кандыдатаў у дэпутаты з жорсткай крытыкай.

«Яны жадаюць узяць рэванш і рэстаўраваць алігархічны рэжым. Навучыліся ў заходніх экспэртаў, патрэніраваліся на суседніх краінах — зараз у Расеі хочуць зрабіць тое ж самае", — заявіў Пуцін, выступаючы на Ўсерасейскім форуме прыхільнікаў Пуціна.

«Гэта тыя, хто ў 1990‑ыя, займаючы высокія пасады, дзейнічаў на шкоду грамадзтву і дзяржаве, абслугоўваючы інтарэсы алігархічных структур і разбазарваючы нацыянальную маёмасьць. Гэта яны зрабілі карупцыю галоўным сродкам палітычнай і эканамічнай канкурэнцыі», — сказаў ён.

"Ня трэба ілюзій. Усе гэтыя людзі не сышлі з палітычнай сцэны. Іх імёны вы знойдзеце сярод кандыдатаў і спонсараў некаторых партый. Яны жадаюць узяць рэванш, вярнуцца да ўлады, у сфэры ўплыву. І паступова рэстаўраваць алігархічны рэжым», — сказаў прэзыдэнт, не назваўшы, праўда, канкрэтных імёнаў.

Паводле словаў Пуціна, «знаходзяцца ўнутры краіны тыя, хто шакаліць у замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў, разьлічвае на замежныя фонды і ўрады, а не на падтрымку свайго ўласнага народу».

Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, Пуцін таксама заявіў, што нельга «ператвараць Дзярждуму ў зборку папулістаў».

Партыя "Саюз правых сіл" мяркуе, што Пуцін выкарыстоўвае службовае становішча для агітацыі за адзінаросаў і запатрабавала адмяніць рэгістрацыю Пуціна ў выбарчым сьпісе партыі "Единая Россия" на выбарах у Думу. Але Вярхоўны суд адхіліў пазоў.

Форум у Лужніках

Арганізатары — рух «За Пуціна» — кажуць, што на мерапрыемства сабраліся больш за пяць тысяч чалавек. Большасьць — маладыя людзі. Многія зь іх у футболках з расейскай сымболікай ці з партрэтамі Пуціна, а твары расфарбаваныя ў колеры расейскага сьцягу. Дэкарацыя на сцэне выканана ў колерах расейскага сьцягу, з лёзунгам «Верым у Расею! Верым у сябе!».

Паводле словаў аднаго з арганізатараў руху «За Пуціна» адваката Паўла Астахава, правядзеньне акцыі фінансуецца з выбрачага фонду партыі «Единая Россия».

Арганізатары абяцаюць, што на форуме выступіць нямала вядомых людзей і абавязкова будуць сюрпрызы. Здаецца, галоўнага сюрпрызу чакалі менавіта ад выступу прэзыдэнта.

Пра культ асобы

Падобны форум прыхільнікаў Пуціна прайшоў чатыры дні таму ў Цьвяры. «Единая Россия» афіцыйнага ўдзелу ў ім не прымала. Апазыцыя вінаваціць Е.Р., якая абвясьціла «Плян Пуціна» асновай сваёй перадвыбарчай праграмы і рух «За Пуціна» ў стварэньні культу асобы.

Аднак Павал Астахаў усяляк адкідае гэтыя абвінавачвантні. Паводле ягоных словаў «культ асобы — гэта калі людзі пачынаюць дзякаваць правадыру за тое, што сонца паднялася, дзеці падрастаюць і ўсьміхаюцца, што жыцьцё стала лепш, жыць стала весялей»

Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0