Рашэнне аб магчымым увядзенні ахоўных мер у гандлёвых адносінах з Малдовай будзе прымаць урад РФ, а не Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК).

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй.

Нагадаем, пытанне павышэння мытных ставак на малдаўскія тавары павінна было разглядацца саветам Еўразійскай эканамічнай камісіі ў сераду 16 ліпеня. Прычына такога павышэння — ратыфікацыя парламентам Малдовы Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам.

Рашэнне аб павелічэнні ставак ўжо рыхтуецца ў расейскім урадзе.

На адзіным партале для размяшчэння праектаў нарматыўных актаў РФ ужо апублікаваны праект пастановы, згодна з якім Расія ў аднабаковым парадку ўводзіць пошліны на малдаўскае віно і сельгаспрадукцыю.

«Міністэрству замежных спраў Расійскай Федэрацыі паведаміць ва ўстаноўленым парадку Рэспубліцы Малдова аб увядзенні ўвазных мытных пошлін», — гаворыцца ў дакуменце.

У спіс малдаўскай сельгаспрадукцыі, якую РФ мае намер абкласці пошлінамі, патрапілі, у прыватнасці, мяса, збожжа, садавіна і гародніна, а таксама цукар.

Мяркуецца, што пастанова набудзе сілу па заканчэнні аднаго месяца з дня яго афіцыйнага апублікавання.

Рашэнне аб увядзенні пошлін у аднабаковым парадку можа сведчыць аб тым, што падобныя меры не сустрэлі падтрымкі ў іншых членаў Мытнага саюза — Беларусі і Казахстана.

Нагадаем, два тыдні таму пазіцыя гэтых краін, адрозная ад расійскай, ужо заблакавала павышэнне Еўразійскай эканамічнай камісіяй мытных пошлін для тавараў з Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?