Журналіст, былы сакратар Саюза журналістаў Расіі і экс-дэпутат Думы Ігар Якавенка лічыць, што прапаганда ў расійскіх СМІ па сваім узроўні не адпавядае нават стандартам Гебельса.

Пра гэта ён заявіў у эфіры расейскай службы Радыё Свабода. «Яго (Гебельса) у апошні час вельмі хваляць — і Уладзімір Пуцін яго назваў таленавітым, і федэральны тэлеканал «Расія-24» яго назваў вялікім. Я не далучаюся да гэтага пункту гледжання, і абазначэнне гебельсаўскай прапаганды як полюса зла памылковае. Тое, што цяпер робіць федэральнае тэлебачанне, — гэта тое, чаго Гебельс сабе не дазваляў», — лічыць Якавенка.

На яго думку, дзейнасць пракрамлёўскіх расійскіх журналістаў можна параўноўваць хутчэй з працай іншага нацысцкага «эксперта» — Юліуса Штрэйхера.

«Быў такі Юліус Штрэйхер, галоўны рэдактар штотыднёвага часопіса «Штурмавік», які прыкладна такога роду рэчы рабіў. Ён рабіў такія ж рэчы, як сёння робіць Першы канал, а менавіта — друкаваў «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў», распавядаў выдуманыя гісторыі пра згвалтаваных бялявых немак, пра ўкрыжаваных немаўлятаў, і Гебельс як раз гэта забараняў. Ён лічыў, што падобнага роду вульгаршчына, пахабшчына і мярзота дыскрэдытуе Рэйх. Так што нашы пераўзышлі Гебельса і апусціліся да ўзроўню Юліуса Штрэйхера», — лічыць журналіст.

Як заявіў Якавенка, наступствы такой грубай маніпуляцыі ў СМІ могуць быць вельмі цяжкімі — гэта пастаяннае распальванне варожасці паміж народамі Расіі і Украіны, шмат крыві і назаўжды сапсаваная рэпутацыя расейскіх журналістаў, якіх ва Украіне будуць «ўспрымаць канчаткова ўжо… проста як самых брыдкіх, хлуслівых мярзотнікаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?