Яну Чарняцу нядаўна споўнілася 100 гадоў. Ён адзін з сотняў доўгажыхароў Беларусі, якія адзначылі векавы юбілей. Нарадзіўся спадар Ян на Стаўбцоўшчыне, выхоўваўся ў польскія час, зведаў здзекі фашызму і камунізму, жыў у «савецкім раі», а сваё стагоддзе сустрэў у незалежнай Беларусі. Такіх людзей называюць «чалавек-эпоха».

Род

— Я нарадзіўся ў 1914 годзе ў Русаках, каля Рубяжэвічаў, — расказвае доўгажыхар. — Мае бацькі — Юльян Чарнец і Паўліна Палівода. Увесь наш род спрадвеку жыў у Русаках. Працавалі на зямлі, было сваё поле, пяць галоў быдла, двое коней. Добра жылі, пакуль Саветы не прыйшлі, потым усё забралі. У мяне было трое братоў і дзве сястры. Жылі ўсе ў адным доме. Гэта ж не цяпер, што дзеляцца па пакоях. Тады жылі ўсе разам, дружна, елі разам з аднае міскі. Не сварыліся так, як цяпер.

Калі скончылася першая вайна, то жылося нам цяжка. Але паволі Польшча станавілася на ногі, і пазней ужо неяк разжыліся, стала някепска. Хто меў больш зямлі, дык і надта добра жыў. Сем'і тады былі не тое, як цяпер, а па 6—7 дзяцей.

Старыя жылі пры дзецях. Пенсій жа тады не плацілі. Бацькоў ніхто адных не пакідаў. Стары чалавек нічога не рабіў. Бывала, кароў выганіць ці загоніць, свіней паглядзіць. Вось і ўся ягоная работа.

Школа і першы жыццёвы ўніверсітэт

— Малыя хадзілі ў школу. Тады аднаго будынка школы не было, вучыліся па хатах. Я ў 7 гадоў пайшоў у польскую школу, скончыў чатыры класы. У потым пасвіў кароў. Было пяць сваіх і пяць чужых. I так ажно да 17 гадоў. Настаўнікі былі не свае, прыезджыя, чыстыя палякі. Вучылі ў школе добра: ого, якая гэта была навука! Вучылі так, каб ты разумеў. Калі нечага не разумееш, то ксёнжку ў рукі, на каленкі — і вучыш, пакуль не дойдзеш сваім розумам да ўсяго. Вучылі так, каб шмат чаго ведаў, а не так, каб пераходзіць з аднаго класа ў другі. Калі хто хацеў вучыцца далей, то ехаў у Рубяжэвічы, там было 10 класаў. Я далей не вучыўся. Бацька памёр, калі я быў зусім малы, а братам не патрэбны быў вучоны, ім патрэбны быў пастух.

Калі мне споўнілася 17 гадоў, я пайшоў вучыцца на краўца, і калі навучыўся, то ўжо сам сябе карміў. Вучыўся ў Рубяжэвічах у вельмі харошага краўца, жыў там на кватэры, у нядзелю ехаў дадому. За 9 месяцаў я і навучыўся.

Забава

— От некалі танцы былі! У чалавека хату папросім, прывязём музыку. Адразу на 4 дні, як на святы якія. За 4 месяцы давалі музыканту задатак, каб нікуды да іншага чалавека не пайшоў. На Каляды — 4 дні, Вялікдзень — 4 дні, Сёмуха — 4 дні. Во як гулялі, брат ты мой! На чацвёрты дзень дык цяжка было ўжо. Гралі музыкі на гармоніку, барабане, трубах, цымбалах, скрыпцы. Спявалі і па-польску, і па-беларуску. Патанцавалі танец і спявалі. Ажно святло тухла, так хораша валі. Гэта не тое, што цяпер, бывае, уключыш тэлевізар, і Пугачова ці якая іншая зорка бегае: «Я яго любіла, ён мяне любіў. Я яго любіла, ён мяне любіў». Кожную суботу да 12 ночы гралі, потым дамоў дзяўчат праводзілі. На раніцу ў касцёл, а ўвечары зноў танцы. Потым чысцілі хату, гаспадару газы купім на лямпу і ўсё. Дзядзьку часам чарку налівалі. Зімой хлопцы ваду носяць, а дзяўчаты мылі потым падлогу ў той хаце.

Хутары і заробкі

— У 1925 годзе людзі пачалі з'язджаць на працу ў Амерыку. Пабудуць, папрацуюць і вяртаюцца, купляюць зямлю. Некаторыя заставаліся за акіянам, дык і цяпер там іх унукі жывуць. Ехалі тыя, хто быў бяднейшы, каб было што дзецям пакінуць у спадчыну.

Тады якраз пачалі разганяць вёскі і сялілі на хутары, бо баяліся, каб вёскі не гарэлі. Бо надта ж высокія страхоўкі прыходзілася плаціць. Спачатку людзі не хацелі: крычалі, сварыліся. А потым, як пабылі на хутары, о, братка, жызня была! Усё сваё, работа блізка. За раніцу гною навазіў — і садзі бульбу.

Прадавалі ўсё на базарах. Некалі цэлы тыдзень быў базар. У панядзелак — у Рубяжэвічах і Стоўбцах, у аўторак — у Міры, у сераду— у Івянцы, у і чацвер — у Дзераўной, у пятніцу — у і Стоўбцах. Дык нават з Нямеччыны да нас па свіней прыязджалі. Загадзя скажуць солтысу, каб ён людзям перадаў, што прыедуць, і закуплівалі. Бывала, цэлы эшалон свіней грузілі. І добра ж плацілі тыя немцы! Падаткаў надта многа не было. На хутарах «памяровыя» плацілі. Адзін чалавек усё мераў. Летам мераў, а зімой рабіў план. Хутар цяжка было абрабляць, там забоіна, там лес… Адзін чалавек усё рабіў, во дзе пісьменны быў! А цяпер, бывае, соткі мераюць, дык пяць чалавек цэлы дзень не могуць памераць.

Працавалі коньмі. Але хутчэй давалі рады, чым сёння трактарамі.

Калі быў неўраджай, людзі не галадалі, бо дзяржава дапамагала.

«Паны»

— Жылі ля нас паны: Лысы, Радзевіч, Незабітоўскі. Банцарэвіч такі быў. Зарабіў чалавек у Амерыцы грошы, вярнуўся і купіў маёнтак. Харошы дом быў, мураваны. А потым іх усіх вывезлі рускія. Адзін Незабітоўскі разам з кіроўцам паспеў уцячы ў бок Літвы. Але што з імі стала — невядома. На іхняй зямлі людзі саджалі, а дамы дык некаторыя парабкі паразбіралі Сёння павыдумлялі, што паны нібыта мучылі мужыка. Казкі ўсё гэта. Хацеў чалавек зарабіць, дык ішоў да пана. Лес рэзалі, чос часалі, ідзі, калі хочаш, зарабляй. Харошыя былі людзі, гэтыя памешчыкі. У пана Незабітоўскага, які быў міністрам сельскай гаспадаркі, былі ў Хатаве спіртзавод, піларама, рыбгас, а потым ён меўся ткацкую фабрыку адчыніць. Людзі сеялі лён, здавалі б, а ён бы яго перарабляў. Улада паставіла яму ўмовы, каб даваў людзям працу, а іначай забяруць гаспадарку. Дык паны ўсе стараліся, каб людзям работу даваць. Тыя, што ў пана працавалі, самі жылі, як паны. У Незабітоўскага каровы з аднаго боку свае былі, а з другога — парабкавы. Дык пыталіся людзі: «Пан, чаму ж тут парабкавы каровы стаяць?» А ён кажа: «Як будуць тут стаяць, прыйдзе парабак даваць сена сваім, дык і маім дасць, а як будуць адны, дык маіх можа і не пакарміць».

Бывала, чалавек скрадзе ў пана ў лесе якую хвойку, дык Незабітоўскі да цешчы такіх адпраўляў. А тая казала: «Ідзі ў касцёл, паспавядайся, вызнай грахі, і я табе дарую». 3 панам і дамовіцца можна было. Жанчыны жаць прыходзілі, і пан кажа адразу цану — 2 злотыя. А бабы кажуць: «Не, за два з паловай…» «Добра, — кажа пан, — жніце». Вечарам плаціць і запрашае на заўтра. Бывала, калі часам не было грошай, дык ён выбачаецца і просіць, каб заўтра дазволілі заплаціць. Жанчыны смяюцца: «Добра, плаціце заўтра, будзе больш грошай».

Парадак

— Парадак у вёсцы пільнавала паліцыя. Але не шмат, пару чалавек. І работы ім надта не было. Кралі раней, як людзі казалі, цыганы, яны коньмі займаліся. Пра тое, што забіў нехта чалавека, рэдка было чуваць. Гэта дзівам было. Помню, каля Гуменаўшчыны забілі хлопца ў лесе. Дык кожны на дарозе, каля крыжа, лусту хлеба кідаў, яйка на Вялікдзень, нават пучок саломы. Бо рэдка забівалі чалавека. Дык цэлы курган быў каля крыжа.

Раней іншыя былі парадкі. Так шмат і гарэлкі не пілі. Вып'юць бутэльку на траіх. Дык яны людзей бачаць, а людзі іх бачаць. Больш гонару было ў людзей. А цяпер панапіваюцца да покату, што людзей не бачаць і людзі такіх бачыць не хочуць, бо свіння ляжыць. Нап'юцца, ляжаць лад плотам і, бывае ж, яшчэ што ўтвораць.

І чыноўнікаў некалі меней было. Не так, як цяпер. У гміне сядзеў начальнік, сакратар і выкідайла. Бывала, нехта часам зашчацініцца, то выкідай­ла за каўнер яго і выкідвае з будынка. Але за Польшчай столькі начальства не было, як цяпер у Мінску.

Харошыя людзі былі, ветлівыя, памагалі адзін аднаму. I сёння ў нас харошыя людзі. Наш народ працавіты. Яму толькі дай свабоду, дык ён цябе закідае хлебам і ўсім, горы зверне. Але ж цяпер не хочуць, каб людзі самі на зямлі працавалі, хочуць, каб калгасы ці нейкія СПК былі. А што ты з іх возьмеш?

17 верасня 1939 года

— Яны прыйшлі ў нядзелю. Ідуць, бачаць, што ходзіць на полі пяць кароў, конь, то і пытаюцца: «А што гэта за памешчык у вас?» Людзі кажуць: «А які ж гэта памешчык, гэта гаспадар звычайны». Дык яны на гэта кажуць: «Ого, у нас такіх хазяінаў даўно след прастыў». А яны ж акурат заходзілі ў нядзелю, усе былі хораша апранутыя, да касцёла ж ішлі, дык рускія думалі, што ўсе навокал — паны паадзяваныя. Але людзі нашыя іх не баяліся. Нават стрэлу ніводнага не было. Усіх жа ваенных раней забралі пад Германію, супраць немцаў ваяваць. А тут, на табе, чырвонаармейцы з Усходу. Рускія як прыйшлі, так і пайшлі. Толькі пазней вярнуліся, каб сваю ўладу ставіць. Рабілі сходы, людзі галасавалі. Цяпер дык ніхто нікога не збірае на сходы. Нямашака нічога. Самі недзе там галасуюць і прызначаюць. А ўжо ў 1940-м пачалі вывозіць людзей у Сібір. Во дзе канец свету быў! Вельмі шмат павывозілі, ды самых лепшых, працавітых і харошых людзей. І нас хацелі вывезці, але адзін іхны кажа: «Дык калі мы будзем такіх вывозіць, то ўсю вёску вывезем і людзей не застанецца».

Немцы

— Потым у 1941-м прыйшлі немцы. Рускія паўцякалі. Хто не паспеў, дык у лесе хаваліся. Немцы спачатку нікога і нічога не чапалі. Потым ужо, калі патрэбна была працоўная сіла, дык бралі мясцовых. Было многа нашых там на рабоце ў Нямеччыне, а потым ім яшчэ немцы кампенсацыю плацілі. Але мы тых немцаў мала бачылі. Яны як прыехалі, так і паехалі далей. Парадкі мала змяніліся. Людзі і далей на зямлі працавалі. Немцы нічога не забіралі. Было так да пары, пакуль немцам не пачалі даносіць. Былі падлы свае, што пісалі на суседа даносы, дык немцы маглі і застрэліць. Пісалі, напрыклад, што нешта сказаў на немца ці што партызанам памагаў. Раз прыехалі немцы па даносе ў Слабаду, арыштавалі цэлую сям'ю, загналі ўсіх у гумно і запалілі. Толькі мужык неяк камень адваліў ад сцяны і вылез. Астаўся адзін. Жонка і дзеці згарэлі. Немцы дазналіся, што ён выжыў, і загадалі прыйсці. Вось ён прыйшоў. Расказаў, як усё было, дык немец кажа: «Уставай і ідзі, жыві хоць 100 гадоў. Ты ўжо і так мёртвы, цябе ўжо няма сярод жывых».

Мужчыны тады ўначы ставілі крыжы, каб вайна хутчэй скончылася, каб спакой у свеце быў. Жанчыны ткалі фартушкі, абвязвалі імі крыжы. І за ноч так крыжы ставілі. А Саветы потым варочалі гэтыя крыжы.

Даносы

— Паскудных і сярод сваіх хапала. На аднаго напішуць немцам, што патроны партызанам даваў, на другога — што каня мяняў. 3 адной хаты, дык, помню, бацьку і трох сыноў немцы забілі. Майго брата тады стрыечнага забілі. Харошы чалавек мой брат быў. Надта ж разумны. У Рубяжэвічах вучыўся. Неяк паліцыя прыехала ды кажуць: «Ідзі, прайдзіся па вёсцы, скажы, каб людзі аўса далі коням». Ён і да нас зайшоў на хутар. Дык брат мой старэйшы, Мікалай, кажа: «Не цягайся, бо яшчэ што якое». А ён кажа: «Чаго мне баяцца, я ж нікуды не замешаны». Пайшоў дадому, павячэраў і праз дарогу да суседа зайшоў. Жонка таго суседа была нашай пляменніцай. А той чалавек быў у спісе немцаў. Дык як немцы прыехалі, то той чалавек паспеў уцячы да цешчы ў суседні Лубень. А наш застаўся там, у сястры. А паліцыя прыйшла арыштоўваць: «Дзе хазяін?» — «Няма». — «А гэта хто?» — «Сусед». А што, яны ведаюць, хто гэта? Кажуць: «Хадзем, там разбяромся». Ім абы забраць каго, іх работа такая была. Прывезлі ўсіх у двор да Гардзіеўскіх, пачалі дапытваць. Можа, трохі пабілі б і адпусцілі. Але якраз тады ехалі партызаны каля вёскі. Стаяў пост, але яны не спыніліся і давай уцякаць. Адзін саскочыў з каня і пачаў уцякаць. Немец стрэліў. Глядзіць — дык гэта ж партызан — і кажа: «Вы тут усе партызаны». Назаўтра павязалі гэтых людзей за рукі лейцамі. Вывелі, паставілі. Была паліцыя з Івянца. Шэф раз стрэліў угару, а паліцыя потым восем разоў у тых людзей. Пастралялі і паехалі ў Івянец. І цяпер гэтакіх дурняў хапае, якія даносяць.

Блізка смерці

— І на мяне ж тады напісалі данос, што шыю вопратку партызанам. Дык мяне адна жанчына выратавала. Яна сама была з Хатавы. Я з ёй пазнаўся на танцах. Ішоў я раз па вуліцы (гэта яшчэ да вайны было) і бачу: пярсцёнак ляжыць. Падняў. Іду далей і бачу: тая дзяўчына шукае з сястрой на зямлі нешта, плача. У смецці капаліся. Я зразумеў, што той пярсцёнак шукаюць. Няма ды няма. Я іду і думаю: пэўна, іхны пярсцёнак. Падышоў і пытаюся: «А што зрабілася?» «Пярсцёнак гэтая авечка згубіла», — кажа яе сястра. Я кажу: «Марыся, дай руку, я гляну, хто яго падняў і ці вернецца пярсцёнак». Дзяўчына выставіла руку, а я пярсцёнак — раз — і на руку ёй паклаў. «Чым табе заплаціць?» — пытаецца. Я кажу: «Чым ты мне заплаціш? Вось некалі, як пойдзеш замуж, то скажаш мужу, што хлопец знайшоў пярсцёнак і аддаў». І так сталася, што яна потым выйшла замуж за намесніка міністра Незабітоўскага, яго звалі Пазнаньскі. Ён быў немец, але ўмеў па-польску гаварыць. Ніхто і не ведаў, што ён немец. Як рускія прыйшлі, то ён да цесця ўцёк, ніхто не выдаў, што гэта чалавек Незабітоўскага. А ўжо як немцы прыйшлі і зрабілі пастарунак, то ён пайшоў на перагаворы і застаўся ў іх перакладчыкам.

І неяк раз прыслалі мне павестку, каб я з'явіўся ў пастарунак, калі не з'яўлюся, то ўсю сям'ю пастраляюць. Дзе ж ты не пойдзеш! Тры браты, сястра, матка. Я як выходзіў, то ўжо і развітаўся з усімі. Іду туды, і яна ідзе, метраў 50 ад пастарунка, Марыся. Многа год не бачыліся, але пазналі адзін аднаго. «А ты куды?» — пытаецца. Я паказаў павестку, дык яна за га­лаву схапілася. Кажа мне: «Пастой там, на павароце, і чакай мяне». А яна пайшла ў пастарунак. Я там, можа, пастаяў 30 хвілін. Бачу, што ідзе назад, кажа мне: «Ідзі, але гавары па-польску. Мой муж сядзіць за сталом, перад ім пісталет. Гавары памалу і не спяшайся. Будзе мой Пазнаньскі цябе дапытваць».

Я прыйшоў, сеў, і яны мне адразу: «Рус, рус». Я кажу: «Не, пане шэфе, я поляк». Той Пазнаньскі перакладае немцу і кажа: «Ты маеш сувязь з партызанамі і ім шыеш». Я кажу па-польску далей: «Я два гады таму машынку закапаў, на раллі працую». «Чаму не ідзеш у паліцыю?» — пытаецца. Я кажу: «Не завуць, не ведаю, ці здольны». Пыталіся пра сям'ю. Я па-польску кажу, а Пазнаньскі немцу перакладае. Пытаецца: «А што вы робіце, як бандыты едуць?» Я кажу: «Лажымся ўсе ў адзежы, а брат на варце стаіць. Як сабакі стануць брахаць, то адзін за карову, другі за каня — і да лесу, бо каля лесу жывем». Потым яны нешта доўга гаварылі. Тады Пазнаньскі і кажа мне: «Пан шэф пану дараваў». Помню, сходы былі высокія, але не ведаю, як я з іх сыходзіў, можа, я ляцеў у паветры. Ужо як адышоўся з паўкіламетра, то тады адумаўся, што я дадому іду. Як сказаў ён мне, што свабодны, дык усё роўна, як мне хто ліхтаром пасвяціў у вочы. Каб не тая жанчына, то цяпер ляжаў бы на могілках. Не дай вам Бог бачыць тое, што я перажыў!

Партызаны

— У нас амаль не было партызанаў. Было больш каля Налібак, у пушчы. Прыходзілі да нас, як есці трэба было. Бралі каня ці карову і павялі. Нічога яны ў нас не пыталіся. І нічога ім нельга было сказаць. Калі хто супраціўляўся, то ляснуць раз — і ўся гутарка.

У Налібаках партызаны забілі не аднаго чалавека. Гэта ж падумаць, цягаліся тут па вёсцы разам, зналі гэтых людзей, бралі ў іх есці, а потым прыйшлі і пазабівалі.

Партызанаў было ў пушчы некалькі тысяч, а ў Івянцы немцаў было, можа, з 10 чалавек. Паліцыя была. Дык яны і Івянца нават не разбілі. Некаторыя з іх толькі з мужыкамі ваявалі: за карову, за адзежу, цягалі ўсё. Хто-ніхто з іх нават немца не бачыў. Раз ідзе партызан, ён сам з Ляўкоўшчыны быў. Ішоў у Навікі, каб прыдбаць нешта. А побач мой брат Мікалай ідзе. Дык брат кажа: «Слухай, вазьмі ты хоць раз стрэльні. Бо колькі вайна ідзе, я яшчэ ані разу стрэлу не чуў». Дык ён адказвае: «Няма шомпала, не магу страляць. Няма чым патрона выбіць». Вось табе і партызан. Што тут казаць… Я ж ім шыў. Ані разачку не прывезлі нічога нямецкага. Толькі палатно якое, бабскае. Бабскія сукенкі, кашулі. Раз прыносіць партызан кажух. Кажа: «Во, з немца зняў». Гляджу: дык гэта ж мая работа. Падвярнуў кішэню і гляджу: вось, вышыта маёй рукою імя хлопца, якому я шыў. Бо раней, бывала, калі танцы, усе паскідаюць кажухі, і каб не перамяшаліся, то я вышываў імёны на кішэні. «А дзе ты, — кажу, — яго ўзяў?» «3 немца сарваў», — адказвае. «Ах, — кажу, — тваю маць, гэта ж во мая работа! Ты, можа, ані разу немца і не бачыў…»

Канец вайны

— Як прыйшлі ў 1944 годзе савецкія, то пачалі браць у войска, на фронт. Хто запісваўся беларусам, то адразу на перадавую кідалі. Хутка і пахавальныя сталі прыходзіць. У нас так 8 хлопцаў прапала. Я пісаўся палякам, дык мяне не ўзялі. Сталін баяўся, што як дасць палякам зброю, то бунт зробяць у войску.

Як вайна скончылася, то зноў пачалі людзей у Сібір вывозіць.

Калгасы

— У 1950 годзе я ажаніўся. А ў 1956 годзе мы з жонкай пераехалі ў Налібакі. Там быў саўгас, а ў нашых Русаках — калгас. У Налібаках плацілі грашыма, можна было зарабіць і купіць нешта ў краме. А ў калгасе ходзіш-ходзіш і нічога.

Мой брат запісаўся ў калгас, дык адразу забралі трое коней. Воз, барану, плуг, збожжа. Але спачатку, пасля вайны, Саветы налажылі «пастаўкі» на людзей. Мы плацілі ажно 150 пудоў «пастаўкі». Многія трымаліся спачатку і падалей ад калгасаў, але потым пачалі і запісвацца, бо да ніткі абіралі. Пачалі ўжо гнаць людзей з хутароў назад у вёскі. Цягалі гэтых людзей, бо рабіць ім не было чаго.

«Савецкі рай»

— Раз брат мне кажа, што трэба дамалаціць жыта на «пастаўку». Я і ўзяўся яму памагаць. Мы ўжо малоцім цапамі. Прыязджаюць да нас. «Дзе падводы?» — пытаецца першы сакра­тар. Ён з прадсядацелем прыехаў і фурманам. Брат кажа: «Во, дамалочваю ды павязу». А той узлаваўся: «Што ты, б…дзь кулацкая, усе срокі мне зрываеш?!» А я, як стаяў з тым цэпам, дык і думаю сабе: ах ты, паскуда прыблудная, я ж табе зараз гэным цэпам па гарляку перацягну. Кажу яму: «Як вам не сорамна старога чалавека брыдкімі словамі абзываць, гэта вы такія парадкі ў Савецкім Саюзе хочаце строіць?» А ён на мяне глянуў ды кажа: «Што-о-о-о?!» А я сціскаю цэп і іду ў ягоны бок, а ён са страху адскочыў ажно. «Чаго вы скачаце, я ў хату вады іду напіцца», — кажу ўжо яму. А быў з ім прадсядацель, неблагі чалавек, ён і кажа яму: «Успакойцесь, гэта харошыя людзі». Я пайшоў у хату, выпіў вады, вяртаюся з цэпам, а той гіцаль даў драла пад дрывотню. Во, браток ты мой, яны ўсе адважныя, пакуль мы іх баімся.

Праз пару дзён пасля гэтага я працаваў у лесе. Прыселі мы адпачыць. Бачу: ізноў гэтыя ўдвох. Я ўжо лёг, ляжу. Той самы ўсіх апытвае, ці здалі «пастаўку». І да мяне дайшлі. Я ляжу, не падымаюся, падышлі да мяне. «Не, не здаў. А чаму? Бо ў мяне нічога няма», — адказваю і паказваю яму на сякеру. Кажу: «Каб вы такое пацягалі, дык і вы ледзь жывы хадзілі б». А тады кажа: «Ладна, я цябе ўжо ведаю».

Я працаваў у калгасе толькі два гады. Пасля першага года пайшоў за палучкай, дык на плячах яе і прынёс. Па 100 грамаў на працадзень далі. Мяшок за цэлы год. Як пераехалі ў Налібакі, то стала прасцей. Хоць сена можна было зрабіць, пушча ж, лес. Затым 8 гадоў працаваў у сталярнай майстэрні. Рабілі вазы, колы, што закажуць, сані. Нават труны. Нялёгкая праца была. Бярэш сырыя дошкі з піларамы і габлюеш. Заробкі смешныя былі. Жанчыны за 15 капеек у дзень рабілі. Потым я будаўніком працаваў. Раз прымусілі нас салому скірдаваць. Велькі кавалак быў зямлі. Два дні працавала 8 чалавек, а як прыйшлося заробак браць, дык далі ўсяго па 37 капеек на булку хлеба.

Але ж ужо начальства сабе панажывала! Прадсядацель 15 гадоў быў, дык тры дамы збудаваў у Стоўбцах, дзецям і сабе. А я прарабіў 35 гадоў, і што я зарабіў? Нічога нямашака. Цэлымі днямі ішачыў, без станкоў габляваў. Дадуць заробак і глядзіш на яго.

Некалі, пры Польшчы, як ішоў да пана працаваць, то перад працай ты ўжо ведаў, колькі заробіш. Цэлы дзень касіць – 3 злотыя каштавала (50 кг хлеба). А ў нас месяц працаваў у калгасе і не ведаў, што дадуць.

Камуністы

Як памёр Сталін, то хто плакаў, а хто і цешыўся. Столькі ж людцоў ён угробіў! Пагавораць два чалавекі вечарам на вуліцы, а на раніцу ўжо і нямашака іх.

Уся гэтая банда жыла дзякуючы нашай працы. Прыедуць начальнікі да прадсядацеля, возьмуць задарма тое, што ім трэба, і паехалі далей. А каб гэта чалавек працаваў на ўласным кавалку, то ён жа не дасць нічога дарма. Правільна, усё начальства крычала і крычыць: калгасы, калгасы! Бо яны ім выгадныя. А мужыку дух вон. Чэсным людзям, якія не хлусілі і не кралі, цяжка жылося. Хітрэйшыя пойдуць уначы на поле і малоцяць сабе збожжа з мэдлікаў.

Каб жа яны раздалі гэтую зямлю людзям і далі такія ж умовы, якія яны даюць калгасам… Дык яны за 5 гадоў і пазналі б гэнага калгаса. Да нас гадоў з 18 таму прыехаў балгарын у вёску, прыватнік, трошкі папрацаваў — і людзі вунь як разжыліся! Направіў гэты закінуты калгас, бо сам сваё чалавек рабіў. За 3 гады ўсё перарабіў, нават каровы чысценькія хадзілі.

Цяперашняе

— На вуліцы часам бабы кажуць: «От добра цяпер жывецца, у магазіне ўсяго хапае». А я тады адказваю: «Дык а ці ўсё ты гэна ясі, ці ёсць табе за што гэта купіць?»

Гэны правіцель сам сябе загнаў у кут. Сядзіць, як у крэпасці, а навокал чужыя самалёты. Не дай Бог якая трывога, дык Беларусі нашай першай будзе смерць.

Увесь разумны свет прагаласаваў за Украіну, а Беларусь устрымалася. Чаму? Расіян баімся… Іх тэлеканалам я не веру, хлусяць…

Мы 80 год у палоне пражылі. Я сам усё рабіў, хату збудаваў… Дык яшчэ трэба вакол гэнай хаты і зямлю выкупляць. Ужо два разы купляў тое, што сам збудаваў, як памру, дык дочкі будуць ізноў выкупляць. А чыя ж гэта зямля? Нашых дзядоў-прадзедаў зямля. Яны кроў за яе пралівалі. Босыя і галодныя хадзілі, каб толькі дзецям у спадчыну зямлю перадаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?