У сталічным транспарце быў заўважаны агрэсіўны пасажыр у майцы з эмблемай тэрарыстычнай арганізацыі. Пра гэта паведаміў Франак Вячорка.

«Сёння днём я сеў у трамвай і ўбачыў, што мужчына мажнага целаскладу крычыць на гурт дзяцей. Яны нічога дрэннага не рабілі, а проста шумелі, як многія дзеці. Але ён пачаў паводзіць сябе агрэсіўна, крычаў на іх і выхавацельку.

Самае цікавае, што на ім была майка «Данецкая народная рэспубліка».

Многія здымалі гэта на тэлефоны, у тым ліку і я. Калі ён гэта ўбачыў, то пачаў чапляцца да мяне і называць мяне «бандэраўцам». У адказ на гэта я сказаў, што ён сепаратыст. Мы лаяліся пару хвілін, потым я выйшаў, а ён мне прыгразіў кулаком і сказаў, што знойдзе мяне.

Я не ведаю, хто ён паводле нацыянальнасці, але само знаходжанне чалавека ў майцы з гэтай сімволікай абуральнае.

У той час, як у Беларусі садзяць у турму за нацыянальныя сімвалы — бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню» — па горадзе спакойна ездзіць чалавек з сімволікай тэрарыстаў», — распавёў Франак Вячорка.

Варта адзначыць, што эмблема самаабвешчанай «ДНР» на майцы пасажыра намаляваная няправільна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?