Аляксандар Казулін |
Мінскія ўлады не дазволілі ніводзін з трох заяўленых пікетаў у падтрымку экс‑кандыдата ў прэзідэнты лідэра Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна ў дзень яго нараджэння — 25 лістапада. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Рынкевіч.
Пікеты планавалася правесці ў месцах, спецыяльна выдзеленых для такіх акцый Мінгарвыканкамам, — на плошчы Бангалор, у парку імя 50‑годдзя Кастрычніка і на пляцоўцы каля цырка шапіто па вуліцы Арлоўская.
«Парк Дружбы народаў з незразумелай перыядычнасцю «закрываюць на рамонт», — зазначыў І.Рынкевіч. «У сувязі з тым, што на тэрыторыі парку Дружбы народаў «будзе праводзіцца бягучы рамонт пакрыцця, элементаў добраўпарадкавання і архітэктурных форм», Мінгарвыканкам не дазволіў правядзенне пікетаў на гэтым месцы. У парку імя 50‑годдзя Кастрычніка таксама будзе праводзіцца нейкі рамонт», — паведаміў І.Рынкевіч.
Ігар Рынкевіч |
Аднак самая цікавая сітуацыя, паводле слоў І.Рынкевіча, склалася вакол пляцоўкі каля цырка шапіто.
«Пасля таго як мы дастаткова паспяхова правялі там пікет 24 кастрычніка, Мінгарвыканкам адмовіў нам з той прычыны, што правядзенне гэтага мерапрыемства нібыта створыць перашкоды пешаходнаму і транспартнаму руху ў раёне вуліцы Арлоўская і праспекта Пераможцаў», — сказаў І.Рынкевіч.
Паводле слоў намесніка старшыні БСДП (Грамада), члены партыі 25 лістапада маюць намер прыйсці на плошчу Бангалор і ў парк імя 50‑годдзя Кастрычніка, каб паглядзець, ці сапраўды там вядуцца нейкія работы.
«Калі не — складзем акт і будзем абскарджваць рашэнне аб адмове ў правядзенні пікета ў судзе. А што тычыцца Арлоўскай, дык гэтая адмова будзе абскарджана ў любым выпадку ў месячны тэрмін», — заявіў І.Рынкевіч.