Сёння Аляксандр Лукашэнка вызваліў Аляксандра Базанава з пасады дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта (узначальваў з 2010-га). Прычыны звальнення не называюцца.
Новым кіраўніком цэнтра стаў 39-гадовы Аляксей Дзербін. Пра гэтага чалавека не так многа звестак. Вядома, што нарадзіўся ў Мінску ў 1975-м годзе. Скончыў юрфак БДУ. Былыя студэнты кажуць, што запомнілі ягоную фразу: «Я ніколі не буду ўдзельнічаць у фінансавых гульнях з дзяржаваю».
Адметна, што пэўныя перыяд (1997-1998) ён адпрацаваў загадчыкам аддзела права ў незалежным выданні «Беларускі рынак».
Заснавальнік і галоўны рэдактар газеты Вячаслаў Хадасоўскі не змог нічога згадаць пра свайго было падначаленага. «Так даўно было. І не заўважны ён зусім быў», - кажа Хадасоўскі.
Працаваў у Міжбанкаўскай валютнай біржы, юрысконсультам «Белгазпрамбанку», а таксама на юрфаку БДУ, дзе выкладаў «Фінансавае права».
Апошнім месцам працы Аляксея Дзербіна, якое ёсць у адкрытых крыніцах, значыцца – намеснік кіраўніка Інстытута прававых даследванняў пры Нацыянальным цэнтры заканадаўчых і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь.
У кніжнай палаце Беларусі ёсць нямала спасылак на навуковыя працы Аляксея Дзербіна.
У функцыі Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра ўваходзіць забеспячэнне Аляксандра Лукашэнкі і Адміністрацыі прэзідэнта сацыялагічнай інфармацыяй. На сайце напісана, што ІАЦ займаецца «фарміраваннем стратэгічных накірункаў дзяржаўнай палітыкі».
Ведамства ў розныя гады ўзначальвалі Ніна Шпак і Алег Праляскоўскі.
У намесніках у Базанава быў «заходнерус», змагар з беларускай мовай і нацыяналізмам і прыхільнік адзінства «трыадзінага рускага народа» Леў Крыштаповіч.