Незалежнасць Беларусі знаходзіцца пад пагрозай з-за ўсё большага далгавога цяжару і неэфектыўнай эканомікі. Такую думку выказала ў эксклюзіўным інтэрв'ю БелаПАН дэпутат бундэстага Марылуізэ Бек, якая знаходзіцца з візітам у Мінску.

На пытанне пра наяўнасць дасягненняў за 20 гадоў прэзідэнцкага кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі, Бек адказала: «Відавочна, тут ёсць стабільнасць. Наколькі я бачу, беларусы глядзяць на ўкраінскую сітуацыю так: у нас, магчыма, няма нейкіх свабод, але там ідзе вайна». 

«Аднак за гэтай уяўнай пазітыўнай паверхняй ёсць і іншы бок, — падкрэсліла парламентарый. — І гэта не толькі палітзняволеныя, абмежаваныя правы і свабоды, парламент, які не прызнаны Захадам, таму што па нашых крытэрыях ён не быў выбраны на свабодных і справядлівых выбарах. Тэма, пра якую сапраўды трэба гаварыць, — гэта эканоміка краіны, якая выклікае занепакоенасць». 

У прыватнасці, зазначыла Марылуізэ Бек, узрастае патрэбнасць Беларусі ў новых пазыках і крэдытах. «Пытанне ў тым, калі і як яны будуць вернутыя, калі наогул будуць», — сказала яна. 

На думку дэпутата, ніякія рэпрэсіі «не спыняць неабходнасць развіцця». «Эканоміка, у якой так моцна дамінуе дзяржава, страчвае патэнцыял прадпрымальнікаў, крэатыўных людзей. Гэта эканоміка паступова будзе штурхаць краіну ў больш глыбокі крызіс з году ў год, доўг будзе ўзрастаць. У рэшце рэшт, пытанне будзе ў тым, ці паглыне вас Расія, таму што яна захоча атрымаць свае грошы назад», — мяркуе Бек. 

Кажучы пра пагрозу незалежнасці Беларусі, яна заўважыла: «Ёсць розныя шляхі страты незалежнасці — гэта не абавязкова павінна азначаць страту фармальнага суверэнітэту». 

«Але гэта можа азначаць, што ўрад і прэзідэнт не будуць свабодныя ў прыняцці рашэнняў, — заявіла парламентарый. — Напрыклад, калі будзе запыт на прыватызацыю, якую, як мне здаецца, краіне варта правесці, ці будзе ўрад свабодны ў выбары пакупніка? Або яны будуць абавязаныя прадаваць іх расійскім фірмам з-за таго, які ў іх вялікі доўг перад Расіяй і іншых альтэрнатыў няма?» 

«Немагчымасць выбраць паміж А і Б — гэта ўжо страта незалежнасці, гэта тое, што краіна павінна абмяркоўваць. Я не ведаю прэзідэнта, я з ім не сустракалася, але я часта пытаюся ў сябе: што ён думае наконт гэтага, з кім ён раіцца, хто яго акружае», — сказала Бек. 

На яе думку, сёння беларуская эканоміка не можа паспяхова канкурыраваць на сусветных рынках. «Нейкі час можна казаць «добра, нам не цікавыя сусветныя рынкі, мы будуем сваю эканоміку». Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта не працуе», — упэўненая дэпутат бундэстага.

Марылуізэ Бек прыбыла ў Мінск 17 ліпеня з двухдзённым візітам, мэта якога — вывучыць на месцы сітуацыю з правамі чалавека і палітычнае становішча ў краіне. У паведамленні офіса Бек падкрэсліваецца: упершыню за тры гады дэпутат атрымала дазвол на ўезд у Беларусь. Нямецкі бок разглядае гэта як сведчанне таго, што Мінск «пасылае асцярожныя сігналы Еўрасаюзу» пра гатоўнасць палепшыць адносіны. 

У першы дзень візіту Марылуізэ Бек сустрэлася з прадстаўнікамі апазіцыі і сваякамі палітзняволеных. На 18 ліпеня запланаваная яе сустрэча з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў. 

Даведка. Марылуізэ Бек — спікер па пытаннях палітыкі ва Усходняй Еўропе фракцыі «Саюз 90/Зялёныя» бундэстага. Нарадзілася 25 чэрвеня 1952 года. Вывучала нямецкую мову, гісторыю і грамадазнаўства ва ўніверсітэтах Білефельда і Гейдэльберга. Працавала настаўніцай у рэальнай школе ў Пфорцхайме. Член партыі «зялёных» з 1980 года. З 1983 года — дэпутат бундэстага з перапынкамі, падчас якіх сярод іншага з'яўлялася дэпутатам Брэменскага парламента і спікерам зямельнага аддзялення партыі «зялёных». З 1998 па 2002 гады — упаўнаважаная Федэральнага ўрада па пытаннях іншаземцаў. З 2002 па 2005 гады — парламенцкі статс-сакратар пры федэральным міністры па справах сям'і, пажылых грамадзян, дзяцей і моладзі, адначасова — упаўнаважаная Федэральнага ўрада па пытаннях міграцыі, бежанцаў і інтэграцыі. З 2005 года — член камітэта па знешняй палітыцы бундэстага, член Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0