Размеркаванне арэнднага жылля павінна праводзіцца выключна на прынцыпах сумленнасці і справядлівасці. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 ліпеня на нарадзе аб прапановах па парадку выдзялення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання асобным катэгорыям дзяржаўных служачых. 

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка нагадаў, што ў лістападзе мінулага года ўжо разглядаліся прававыя аспекты фарміравання і выдзялення арэнднага жылля ў краіне. Тады былі вывучаны ўсе новаўвядзенні з пункту гледжання максімальнага ўліку інтарэсаў грамадзян, у тым ліку ўлічаны замежны вопыт. Вынікам стаў указ, які ўнёс сур'ёзныя змяненні ў жыллёвую палітыку дзяржавы і набыў моц з 1 красавіка 2014 года.

«Паколькі гэты дакумент закранае інтарэсы вельмі многіх людзей, неабходна з самага пачатку ўважліва сачыць за тым, як ён працуе на практыцы», — падкрэсліў Лукашэнка. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся ходам рэалізацыі ўказа, наяўнасцю якіх-кольвек шурпатасцяў і недапрацовак. 

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ва ўказе былі вызначаны катэгорыі грамадзян, якія маюць права на першачарговае даванне адпаведнага жылля. Сярод іх маладыя спецыялісты, вучоныя, ваеннаслужачыя, суддзі, супрацоўнікі пракуратуры і работнікі, прызначаныя на пасаду з пераездам у іншы населены пункт.

«Акрамя таго, паводле пераліку, які зацвярджаецца кіраўніком дзяржавы, такое жыллё атрымаюць дзяржаўныя служачыя, якім яно прызначана зыходзячы з характару выкананай імі працы. Адпаведны пералік быў падрыхтаваны ўрадам. Аднак, як стала вядома, да яго ёсць прэтэнзіі», — звярнуў увагу Лукашэнка. 

«Але пры гэтым трэба памятаць, што жыць трэба па сродках. Ніякага не павінна быць несумленнага стаўлення да людзей у гэтым плане, не павінна быць выцягвання пэўных катэгорый людзей. Усё павінна быць сумленна і справядліва, — падкрэсліў ён. — У нас шмат людзей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, для якіх такі спосаб — адзіная магчымасць вырашыць сваё жыллёвае пытанне». 

Лукашэнка заслухаў даклады адказных чыноўнікаў па адпаведных пытаннях, звязаных з выдзяленнем і далейшым выкарыстаннем арэнднага жылля. Па выніках абмеркавання ён даў даручэнне дапрацаваць неабходныя праекты нарматыўных прававых актаў, але выразна папярэдзіў, што ў іх не павінна быць якіх-небудзь дадатковых ільгот і прывілеяў. «Ні ў якім разе нічога не трэба пашыраць», — запатрабаваў Лукашэнка. 

«Нельга ісці фронтам і пашыраць для чыноўнікаў (якімі б яны ні былі) гэта права, ствараць ільготу, — падкрэсліў Лукашэнка. — Мы так усіх чыноўнікаў пераселім у асобнае жыллё, і яны не будуць ведаць, чым народ дыхае і жыве. Вось чаму я кажу, што павінна быць сумленна і справядліва, і ні ў якім разе нічога не пашыраць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?