Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіл Ежаль 18 ліпеня ў эксклюзіўным інтэрв'ю БелаПАН звярнуўся да ўсіх грамадзян Беларусі і ўсіх пасольстваў, акрэдытаваных у Беларусі, каментуючы авіякатастрофу «Боінга-777», збітага над украінскай тэрыторыяй 17 ліпеня. 

«Гэты тэрарыстычны акт стаў трагедыяй для Украіны і ўсяго свету. Мы выказваем шчырыя спачуванні і спагаду сем'ям і блізкім загінулых», — сказаў пасол. 

Месца падзення абломкаў самалёта знаходзіцца ў зоне, якая сёння кантралюецца незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі, адзначыў ён. «З улікам гэтага ўрад Украіны распачынае ўсе меры, каб атрымаць поўны доступ да месца катастрофы для правядзення неабходных дзеянняў па апазнанні і рэпатрыяцыі на радзіму цел загінулых, — паведаміў Ежаль. — Міністэрства замежных спраў Украіны стварыла аператыўны кругласутачны штаб для працы са зваротамі сваякоў загінулых пасажыраў і каардынацыі працы з дыпламатычнымі ўстановамі замежных дзяржаў, акрэдытаваных ва Украіне». 

Целы загінулых, сказаў ён, накіроўваюць у Харкаў. Створаныя аператыўныя штабы пры пасольствах Украіны ў Малайзіі і Каралеўстве Нідэрландаў. Міністэрства замежных спраў Украіны забяспечыць тэрміновае афармленне віз сваякам загінулых, у тым ліку пасля прылёту ў аэрапорт Барыспаль. У Харкаве выдзелена 300 месцаў для бясплатнага размяшчэння родных і блізкіх ахвяр тэракту. 

«Паводле апошніх звестак, да месца катастрофы выехалі 30 прадстаўнікоў маніторынгавай місіі АБСЕ, — працягнуў Ежаль. — Паветраная прастора над Данецкай, Луганскай і часткай Харкаўскай абласцей поўнасцю закрытая для палётаў». 

Гэта ўжо трэці, падкрэсліў ён, збіты самалёт пасля 14 і 16 ліпеня, калі з тэрыторыі Расіі былі збітыя Ан-26 і Су-25, якія належаць узброеным сілам Украіны. 

«Знішчальнікаў узброеных сіл Украіны падчас і ў месцы, дзе адбылася ўчарашняя жудасная трагедыя, у паветранай прасторы не было. «Боінг-777» знаходзіўся па-за зонай паражэння наземных сродкаў супрацьпаветранай абароны ўзброеных сіл Украіны, — заявіў Ежаль. — Ужо на гэтым этапе расследавання Украіна мае ўсе падставы лічыць, што гаворка ідзе пра мэтанакіраванае збіванне самалёта пры дапамозе зенітна-ракетнага комплексу. Служба бяспекі Украіны апублікавала доказы таго, што тэрарысты атрымалі з Расіі зенітна-ракетны комплекс «Бук М-1» разам з экіпажам, што пацвярджаюць перахопленыя перамовы тэрарыстаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0