У Гродзенскім раёне ў кар'еры патанула 12-гадовая дзяўчынка, паведаміў прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Віталь Навіцкі.

«Каб пакупацца, дзяўчынка 2002 нараджэння з Гродна з сястрой і сяброўкай прыехалі на грамадскім транспарце да кар'ера каля вёскі Пышкі Гродзенскага раёна. На адлегласці прыкладна чатырох метраў ад берага, спатыкнуўшыся, яна ўпала і рэзка сышла пад ваду», — распавёў Віталь Навіцкі.

Гэта адбылося ўвечары 18 ліпеня. Калі група выратавання на водах МНС прыбыла да месца выкліку, дзіцяці на паверхні вады ўжо не было відаць. Праз некаторы час работнікі Асвода знайшлі патанулую на глыбіні прыблізна 13 м.

Па дадзеных МНС, максімальная глыбіня затопленага крэйдавага кар'ера, дзе адбылася трагедыя, складае прыблізна 35-40 м.

У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях звярнулі ўвагу, што да такіх трагедый прыводзіць нядбаласць бацькоў і блізкіх сваякоў. «Таму самае галоўнае правіла бяспекі дзяцей — гэта кантроль з боку бацькоў. Нельга адпускаць іх плаваць адных», — канстатавалі прадстаўнікі МНС. Нават ідучы на вадаём з дзіцём, трэба пастаянна кантраляваць сітуацыю: не дазваляць ныраць у незнаёмых месцах, дурэць на вадзе, купацца больш за 10 хвілін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?