УСІМ, ХТО АДВАЁЎВАЎ ВЯСНУ
на пляцы Каліноўскага ў сакавіку 2006, усім затрыманым і пацярпелым раней, усім, хто працягвае верыць і пераможа, прысьвячаю
Кажуць,
Яна... памірае.
Хоць, зрэшты, здароваю
Даўно не была.
Прысуд няўмольны:
Растане дазваньня...
А лекары й радыё:
Надта ж трывушчая
Гэтая хворая.
Ужо аднесьлі на сьметнік
Скамечанае крыльле,
З улюбёнай скрыпкі
Зьдзерлі —
Не здрыгануўшыся —
Званчэйшую струну,
А родным —
каб суцешыць —
Кудзеркі па пасмачцы
Раздалі.
На памяць.
(Ат, пасьпяшаліся!)
А пальцы апяклі
Двухвокісам страху,
Вядомай усім
Атруты.
Каб паспакайнела,
Зьмірылася
Са сьмерцю.
Каб ня рыпалася!
«Хворая — да таго ж
Вар’ятка!
Крычыць, што ЖЫВЕ,
Упартая!»
Яна, праўда,
Яшчэ ўстае,
Шчэ адрозьнівае
Чырвоны колер
Ад белага,
Шчэ сьпявае
Пад скалечаную скрыпку.
І многа плача,
Захліпаючыся
Ад шматгадовага стрэсу.
Вунь — наплакала
Цэлую плошчу!
А нехта
Зьдзекліва топча
Ейныя сьлёзы,
А ўсё ж баіцца,
Каб не паўтарылася
Гэткая гістэрыка.
Ды яна канаць,
Відавочна, не жадае
І прадуктыўна вырабляе
Парэпанымі ручкамі
Бусьлікаў
З блакітнае паперы.
За дзьвярыма выпадкам
Чуе дыягназ:
«У крыві
КРАІНЫ
Вашай
Бель».
Чакайце,
А хто сказаў,
Што гэта
Ня лекуецца?
Менск