«Цяпер нас крытыкуюць з‑за фразы, што нібыта прагучала, аб тым, што мы не будзем іграць на мітынгах апазіцыі. Можа, я ў запале няправільна сказаў, але такой фразы проста не было! Прагучала фраза Праляскоўскага: «Хлопцы, не лезьце ў палітыку». І менавіта з гэтай фразай мы пагадзіліся», — сказаў А.Кулінковіч.
«Я не надта веру ў тое, што пасля сустрэчы з Праляскоўскім адразу што‑небудзь зменіцца. Я не наіўны чалавек. І ўсё, што адбылося за апошнія гады (закрыццё клубаў, забарона і адмена канцэртаў), гэта ненармальна. Ненармальная нават сама сустрэча з Праляскоўскім, калі чыноўнік Адміністрацыі прэзідэнта павінен уладжваць сітуацыю з музыкантамі», — лічыць лідэр гурта. У мяне няма ілюзій наконт таго, што ў беларускай рок‑музыцы ўсё будзе добра, — дадаў А.Кулінковіч. — Апошнія ілюзіі разбіліся сёння з‑за тых патокаў бруду, якія на нас цяпер выліваюцца за тое, што мы пайшлі на гэты ўчынак. Я сапраўды лічу гэтую сустрэчу ўчынкам. І цяпер, калі я бачу фразы накшталт «я выдаляю вашу музыку са свайго камп’ютэра», разумею, што гэта — не мой паклоннік. Гэта людзі, якія слухаюць не нашу музыку, а «пазіцыю», якую яны самі сабе прыдумалі. «N.R.M.», «Крама», «Нейра Дзюбель» — мы засталіся пры сваёй пазіцыі, а ад нас хочуць, каб мы былі тупымі, ішлі кудысьці пад нейкімі сцягамі, куды нас пакліча невядома хто».«Так, мы пайшлі на дыялог, — падкрэсліў лідэр гурта. — Зразумейце, музыкантам надакучыла ваяваць, прычым я не ведаю, з кім мы ваюем. Мы ўсе любім Радзіму, а наша стаўленне да ўлады — гэта стаўленне да ўлады грамадзян, а не музыкантаў. Я вельмі моцна хачу выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю на свабодных выбарах, а не на канцэртнай пляцоўцы».
Ён таксама паведаміў, што падчас сустрэчы музыканты адказалі адмоўна на прапанову арганізаваць канцэрт «Рок за Беларусь». «Мы сказалі Праляскоўскаму, што гэта палітычны лозунг, а ён сам прасіў нас не лезці ў палітыку», — сказаў А.Кулінковіч.
«Я ні за якія грошы не буду іграць пад чырвона‑зялёным сцягам. Я лічу сваім сцягам бел‑чырвона‑белы, але і пад ім я спяваць не хачу. Я хачу спяваць пад чыстым небам», — падкрэсліў музыкант.




