Марыс Бэжар |
Ён быў самым неспакойным і ўжо дакладна самым крэатыўным балетмайстрам мінулага стагодзьдзя, ставіў спэктаклі да самае сьмерці, працаваў у рэпэтыцыйнай залі, не ўстаючы зь інваліднага вазка.
Сказаць пра кагосьці «жывая легенда» — значыць паўтарыцца ў тысячны раз. Але калі гаворка вядзецца пра Марыса Бэжара, штампаў не існуе. Пераацаніць ягонае месца і ўплыў у сусьветнай харэаграфіі немагчыма.
Сын марсэльскага прафэсара філязофіі сам быў філёзафам. І яшчэ культуролягам, які замест манаграфій ставіў балеты, у якіх культуры ўсіх народаў зьбіраліся на сяброўскія гутаркі.
Бэжар рабіў спэктаклі пра Францускую рэвалюцыю і сярэднявечнага Пэтрарку, пра Заратустру і братоў Люм’ер.
Ён разважаў танцам пра маці Тэрэзу і Фрэдзі Мэркюры. У балеце пра Фрэдзі Мэркюры «Дом сьвятара» Бэжар заўсёды выходзіў на сцэну са сваімі артыстамі і пад гукі «Шоў мусіць працягвацца», ускідваў кулак уверх і з глыбі сцэны наступаў на публіку.
Ён зрабіў для балета надзвычай многа…
На мінулым тыдні Марыс Бэжар ужо ў другі раз за апошні месяц быў шпіталізваны з захворваньнем сэрца і нырак. У ноч на чацьвер у веку 80 гадоў памёр.