На тую хвіліну, калі я набіраю гэтыя радкі, ўэб-бачыну анлайнавай канфэрэнцыі з трыма прэтэндэнтамі на пасаду кіраўніка Партыі БНФ наведалі ужо каля тысячы чалавек. Інтарэс відавочны.

Вінцуку Вячорку апрыёры было найцяжэй. Бо на дзейнага кіраўніка кладзецца цяжар адказнасьці за ўсе праблемы, якіх у Партыі БНФ багата. Ягоныя ж канкурэнты атрымалі магчымасьць выступіць "апазыцыянэрамі ў квадраце", то бок крытыкамі і рэжыму, і партыйнага кіраўніка адначасна. Натуральна, што ў пытаньні пра ліміт тэрмінаў старшынёўства абодва намесьнікі выглядалі болей дэмакратычна:) Звыш таго, сп. Вячорку была закінутая прыхільнасьць да "кратовай працы".

Праўду кажучы, сапраўды не натхняе вось такі ягоны адказ на пытаньне, што будзе новае: "...Кіраўнікі арганізацыяў БНФ у абласьцях і буйных гарадах будуць зьбірацца разам са старшынём і намесьнікамі што два тыдні — для стратэгічнага й тактычнага плянаваньня, падрыхтоўкі палітычных рашэньняў. У выязных паседжаньнях Сойму і Ўправы будуць браць удзел усе фронтаўцы тае мясьціны, куды едзем".

Апаратныя нюансы, якія не хвалююць нікога, акрамя саміх функцыянэраў.

Але ці прагучалі нейкія яскравыя альтэрнатыўныя ідэі?

Вось адзін з адказаў Алеся Міхалевіча: "Большасьць нашых прыхільнікаў ня бачыць пасьпяховасьці масавых акцый, таму для пачатку трэба знайсьці іншыя эфэктыўныя формы акцый, сканцэнтравацца на данясеньні інфармацыі да людзей, і тады ў пэўны момант акцыі стануць па-сапраўднаму масавымі акцыямі".

Моц і сьвежасьць прапановы ацаніце самі.

Самае ж прыкрае, што гаворка зьвялася пераважна да высьвятленьня стасункаў у самой Партыі БНФ, між ПБНФ ды КХП-БНФ, між тымі ці іншымі фігурамі ды структурамі тытульнай апазыцыі ўвогуле.

Канешне, партыйнаму актыву, увогуле палітызаванай публіцы цікавыя і гэтыя пэрыпэтыі (адзін з наведнікаў зьедліва ўжыў тут слоўца "сэрпэнтарый"). Але цяжка ўявіць сабе прадстаўніка электарату, не ангажаванага ва ўнутрыапазыцыйныя жарсьці, які б цярпліва прачытаў ад пачатку да канца гэтую "кішку", што ня тоўпіцца і ў тузін экранаў:)

Запомніўся хіба што дасьціпны адказ Вінцука Вячоркі на пытаньне з падвохам: "...У разе маёй перамогі палітыка БНФ у галіне правапісу канчаткаў роднага склону назоўнікаў мужчынскага роду і прыназоўніка "з" перад наступнымі мяккімі зычнымі будзе жорстка ўвязаная з палітыкай дывэрсыфікацыі паставак энэрганосьбітаў!".

Увогуле ж бракавала менавіта канкрэтыкі ў пытаньнях тактыкі ды стратэгіі. Мажорныя заявы: маўляў, даможамся стварэньня фракцыі БНФ у парлямэнце і ўсё такое — павісьлі ў паветры. Бо незразумела, адкуль што возьмецца.

Асабіста мне болей імпанавалі б не бадзёрыя клішэ, а цьвярозыя развагі пра тое, напрыклад, чаму падзеньне рэйтынгу кіраўніка дзяржавы практычна не павялічвае шэрагі тытульнай апазыцыі. Гэта ж засьведчаны сацыёлягамі факт, што былыя прыхільнікі кіроўнага курсу, расчараваўшыся ў "дзяржаве для народу", ня йдуць на маршы, а папаўняюць індыфэрэнтнае балота. Выпадаючы з-пад уплыву Лукашэнкавай харызмы, гэтыя людзі, аднак, не трапляюць у энэргетычнае поле апазыцыйных лідэраў. Мо' магнэтызму малавата? Дарэчы, на папулізьме тут ня выедзеш, што ілюструюць, у прыватнасьці, некаторыя адказы сп. Міхалевіча.

Урэшце, варта шчыра прызнаць, што апазыцыя сёньня аб'ектыўна слабая ды малаўплывовая. Я ні ў якім разе ня стаўлю пад сумнеў мужнасьць, самаахвярнасьць многіх яе лідэраў і актывістаў. Але ж усё адно спадзевы прагрэсыўнай часткі грамадзтва на перамены зьнітаваныя ня з маршамі ды кампаніямі, а з тым, што "кратовую працу" падкопу пад рэжым робяць эканамічныя чыньнікі плюс вонкавы палітычны прэсынг.

Яшчэ раз нагадаю думку Юр'я Дракахруста: ад апазыцыі фактычна не залежыць, калі адбудуцца перамены, ад яе залежыць якасьць гэтых пераменаў.

І дзеля гэтай мэты варта найперш перастаць варыцца ва ўласным соку ды адкінуць шапказакідальніцкія стэрэатыпы. Увогуле — бязьлітасна адсякаць усе стэрэатыпы. Бо не жыцьцё падганяецца пад дактрыну, а наадварот. Дзеля гэтага мала толькі зьліквідаваць "ідалапаклонства ўнутры БНФ".

Для мяне ёсьць відавочным, што рэальная трансфармацыя Беларусі будзе ісьці ня так прыгожа і ўвогуле трохі ня ў тых парамэтрах, што былі закладзеныя ў першапачатковы рамантычны праект Беларускага народнага фронту. Між тым дагматызм і па сёньня зьвязвае фронтаўцам рукі, звужвае абсяг камунікацыі з грамадзтвам. Зрэшты, гэта ўжо асобная тэма.

Што ж да жанру гэтага анлайну, то замест абвешчаных дэбатаў адбылося хутчэй тэставаньне — паралельныя адказы на адны і тыя ж пытаньні. Гэта апрыёры зьніжае градус дыскусыйнасьці.

Так ці іначай, вынік вэрбальнага суперніцтва можна расцаніць як нічыйны. Вінцук Вячорка — найболей вытанчаны рытар, Віктар Івашкевіч болей экспрэсыўны, Алесь Міхалевіч — самы радыкальны. Тое на тое. Увогуле ўсе трое — добрыя хлопцы :)

Прыкметаў харызматычнага лідэра з атамным зарадам крэатыву заўважана не было.

ЗЫ. Дарэчы, наконт сакрэтаў камунікацыі. Віктар Івашкевіч двойчы закінуў наведнікам сайту карыстаньне "псэўданімамі" (трэба разумець — нікамі:). Недальнабачны замах на сьвятую прэрагатыву сеціўнага народу. Гэта азначае апрыёры настроіць супраць сябе 99% наведнікаў незалежна ад іхніх палітычных поглядаў.

А хочаце "з цэлым народам гутарку весьці"! :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?