Гасцей свята чакаюць майстар-класы, конкурсы і забавы для дзяцей і дарослых, танцы, а таксама вялікі кірмаш керамікі.

Пра гэта парталу Край.бай паведаміла адна з арганізатарак фэсту Алеся Цап. Яна патлумачыла, што «Кераміка Крэва» адбудзецца ў межах свята сярэднявяковай культуры «Пад знакам Лялівы».

Па словах Алесі Цап, на фэст «Кераміка Крэва» запрошаныя найлепшыя майстры керамічнай справы.

«Ці бачылі вы, як гліна праз агонь, падчас апальвання, пераўтвараецца ў шэдэўр? Паўдзельнічайце ў чараўніцтве агню, магчыма, вы станеце ўладальнікам тых шэдэўраў. Пад кіраўніцтвам майстроў можна будзе стварыць свой кубак або сапраўдны рог дастатку. На вялікім кірмашы керамікі можна будзе набыць вырабы ад народных да сучасных, знайсці для сабе чароўную свістульку ды сталовую талерку», – адзначыла Алеся Цап.

На свяце керамікі будзе працаваць дзіцячая пляцоўка, на якой занятак па душы сабе знойдуць як маленькія мастакі, так і непаседы.

«І смачнай ежы будзе багата! – адзначыла Алеся Цап. – Можна будзе пакаштаваць хлеба, квасу, распісных пернікаў і іншай смакаты».

Святочную атмасферу створаць музыкі і этна-фолкавыя гурты.

Бліжэй да захаду сонца пачнецца другая частка свята – «Пад знакам Лялівы». Гасцей чакаюць рыцарскія забавы, звон мячэй, сярэднявечная музыка, танцы і яшчэ шмат цікавостак да позняга вечара.

Фэст адбудзецца ў мястэчку Крэва Смаргонскага раёна 23 жніўня з 15.00 да 23.00. Уваход вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0