Кіраўнік ліквідаванага ўладамі беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі 22 ліпеня ў Мінску прэзентаваў сваю новую кнігу — эсэ «Іртутнае срэбра жыцця. Пралог. Нататкі праваабаронцы».

У кнігу ўвайшлі эсэ, нататкі і ўспаміны Бяляцкага, напісаныя ў 2012—2013 гадах, калі праваабаронца адбываў пакаранне ў калоніі ў Бабруйску (Магілёўская вобласць). Кніга раздзелена на тры часткі: эсэ, лісты-ўспаміны аб сустрэчах з замежнымі калегамі, а таксама тэкст выступлення Бяляцкага з апошнім словам на судзе 23 лістапада 2011 года. Выданне выйшла ў Вільнюсе накладам 1 тыс. асобнікаў.

Укладальнік кнігі праваабаронца Алена Лапцёнак на прэзентацыі зазначыла, што фактычна макет кнігі быў гатовы да канца 2013 года, аднак «з-за пэўных цяжкасцяў» з яе выданнем выйшла замінка». Прэзентацыю зборніка эсэ планавалі арганізаваць у чэрвені гэтага года, але ў справу ўмяшаліся акалічнасці — 21 чэрвеня на волю выйшаў аўтар.

Свае эсэ Бяляцкі прысылаў Лапцёнак у выглядзе доўгіх лістоў, якія ў затым набіраліся ў друкаваным выглядзе і адпраўляліся назад праваабаронцу — на рэдагаванне.

«Эсэ пісаліся ў бабруйскай калоніі на працягу паўгода, — сказала Лапцёнак. — У іх Алесь расказвае пра падзеі, якія папярэднічалі яго арышту ў 2011 годзе. Гэта было нешта накшталт падвядзення выніках пэўнага этапу яго жыцця. Ілюстрацыямі да кнігі сталі фатаграфіі, якія мы збіралі, калі стваралі выставу да 15-годдзя праваабарончага цэнтра «Вясна».

Бяляцкі ў сваю чаргу зазначыў, што кніга «пачала стварацца дастаткова стыхійна». «Ірына (другі ўкладальнік кнігі праваабаронца Ірына Пракопчык) папрасіла напісаць пра тыя паездкі ў Кіргізію і Казахстан, якія былі ў канцы 2010 года якраз перад самымі выбарамі. Пачаўшы з гэтых нататак аб тым, што я бачыў падчас міжнацыянальных сутыкненняў у Кыргызстане, я зразумеў, што расказваць насамрэч трэба з верасня 2010 года, калі беларускія праваабарончыя арганізацыі правялі з`езд у Вільні», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?