Барысаўскі клуб змог пераадолець 2-і кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў. У албанскай Корчы белараскі клуб згуляў у нічыю са «Скендэрбеу» – 1:1. Першая сустрэча скончылася з лікам 0:0. Гол забіты ў гасцях дазволіў БАТЭ прайсці ў наступны раўнд.

Хаця першы тайм зусім не прадвяшчаў такой нервовай канцоўкі. На 29-ай хвіліне барысаўцы змаглі нарэшце размачыць брамніка «Скендэрбеу». Максім Валадзько дагнаў мяч на фланзе, навесіў у штрафную, дзе выдатна галавой згуляў не самы высокі расійскі легіянер Анры Хагуш. Такім чынам, гол зрабілі абаронцы.

Пасля гэтага тэрытарыяльнай ініцыятывай цалкам завалодалі албанцы. Хаця Ягор Філіпенка амаль заўсёды разраджаў сітуацыю на полі. БАТЭ шмат грубіў, харвацкі арбітр не шкадаваў папярэджанняў. Яшчэ пашанцавала, што ніхто не атрымаў чырвонай карткі.

Яшчэ ў першым тайме стала заўважна, што не зусім упэўнена адчуваў сябе ў браме Сяргей Чэрнік. Аднойчы ён не змог зафіксаваць мяч, які ад яго рук адскочыў у штангу.

Дзівакаватасці Чэрніка і сталі вырашальнымі ў другім тайме. На 67-ай хвіліне Радаш адважыўся на далёкі ўдар са штрафнога, мяч ляцеў на цэнтру варот, але наш брамнік з ім не справіўся – 1:1.

Другая палова тайма прайшла пад няспынныя атакі албанцаў. Калі б «Скендэрбеу» забіў, то ніхто б не змог назваць гэта несправядлівасцю. Апафеозам стаў удар у свае вароты Аляксандра Карніцкага. На шчасце, мяч трапіў у штангу, а адскок Чэрнік ужо падсцярог.

Былі моманты і ў БАТЭ. Але Ілля Алексіевіч не змог перайграць варатара суперніка. А Віталь Радзівонаў у забойнай пазіцыі не аддаў вывераны пас на Аляксандра Паўлава.

Барысаўцы ідуць далей, але застаюцца пытанні, што камандзе свеціць з такой гульнёй? Праз тыдзень у Вугоршчыне падчас матча з «Дэбрэцэнам» лягчэй дакладна не будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?