— Таццяна, Вы зрабілі тое, чаго ніхто раней не рабіў — абвясцілі збор сродкаў на стварэнне добраахвотніцкага збройнага батальёна Пагоня. Ён мае ваяваць за незалежнасць Украіны. Ці ёсць водгук?

— Так, водгук ёсць, і такога кшталту падтрымка мае перадусім сімвалічнае значэнне. Людзі пачалі пералічваць сродкі літаральна праз гадзіну ад публікацыі рахункаў у інтэрнэце. Аднак я не магу сказаць, што сабраная нейкая велічэзная сума. Транзакцый няшмат, ахвяраванні ў дыяпазоне ад 10 да 100 даляраў. Украінцы, напрыклад «Нацыянальны Альянс», таксама аказалі істотную дапамогу. Беларусам, якія знаходзяцца ва Украіне і чакаюць адпраўкі ў трэніровачны лагер і зону АТА, далі жыллё, побытавыя рэчы, частку вайсковай амуніцыі.

— Адкуль пераважна ахвяруюць і хто (у сацыяльным разрэзе)? 

— Пераважна гэта беларусы, што пражываюць за мяжой. Гэта Польшча, Літва, ЗША, Вялікабрытанія. Таксама ёсць некалькі пераводаў з уласна Беларусі. Калі казаць пра знаёмыя мне імёны, дык гэта даволі паспяховыя беларусы, якія тым ці іншым чынам ангажаваныя ў беларускія справы.

— Апрача збору ахвяраванняў, якая Ваша роля ў «Пагоні», як Вы туды трапілі?

— Пра гэта ўжо з'явіліся інсінуацыі, і зразумела, каму выгодна распаўсюджваць бруд і хлусню. Фармальна я не ўваходжу ў добраахвотніцкі батальён, але дапамагаю «Пагоні» ў розных аспектах. У дадзены момант знаходжуся ў Вільні, дамаўляюся наконт аказання падтрымкі нашым людзям і іх сем'ям у выпадку імавернага пераследу з боку КДБ.

Я здаўна ангажавана ва ўкраінскія справы, і падчас апошняга Майдану і далейшых падзеяў да мяне звярталася багата беларусаў з пытаннем, як дапамагчы Украіне. Па магчымасці накіроўвала іх да арганізацый, якія займаюцца валанцёрскай падтрымкай - «Майдан SOS» і т.п. Гэтай вясной да мяне звярнуліся некалькі маіх сяброў, якая выступілі з ідэяй стварэння асобнага беларускага добраахвотніцкага фармавання і прапанавалі далучыцца. Я пагадзілася, бо лічу за гонар зрабіць свой маленькі ўнёсак у супольную справу. Іншы момант – гэта тое, што «Пагоні» быў патрэбны афіцыйны публічны кантакт з ліку беларусаў. Маё імя дастаткова добра пасавала да гэтае ролі, бо мне давяраюць людзі і я, у адрозненне ад астатніх, не знаходжуся пад прамым ударам спецслужбаў, бо пражываю за межамі Беларусі.

— На сайце Белультрас пісалі — праўда тое ці ўкід, — што людзей, якія з Беларусі адпраўляюць заяўку на ўдзел у Пагоні на размешчаны ў сеціве мэйл, неўзабаве выклікаюць на размову ў аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Пэйпал [плацежная сістэма, праз якую збіраюцца ахвяраванні] так прасачыць немагчыма, Вы думаеце?

— Адносна таго, што людзей выклікалі ў сілавыя органы. Я не займаюся наборам людзей у «Пагоню», але мы з калегамі абмяркоўвалі з'яўленне гэтай інфармацыі ў інтэрнэце. Схіляюся да меркавання, што людзі патрапілі пад пільны нагляд спецслужбаў праз актыўнасць у сацыяльных сетках, а не таму, што пошта была ўзламаная. На тым жа Vkontakte некаторыя карыстальнікі ў адкрытую пішуць, што вельмі цікавяцца «Пагоняй» і хочуць уступіць у шэрагі добраахвотнікаў.

Што тычыцца пэйпалу, транзакцыі адсачыць цяжка. Тым не менш, ва ўмовах пражывання ва ўмовах дыктатуры, дзе інтэрнэт фільтруецца, а адно толькі слова « супраціў» выклікае ў КДБ прыступ істэрыкі, нават дзесяцідоларавы перавод на «няправільны» рахунак нясе рызыку. І гэта трэба вельмі сур'ёзна ўсведамляць. Пры сённяшнім узроўні развіцці тэхналогій узламаць або адсачыць можна ўсё: пошту, скайп, тэлефон, і гэтак далей. Пытанне толькі ў тым, колькі часу і сродкаў спецслужбы гатовыя на гэта выдаткаваць.

— Як трэба разумець, і ў атрадзе «Пагоня», і ў зборы сродкаў на яго рэй вядуць беларусы-эмігранты. Якая можа быць роля беларускай эміграцыі сёння, ва ўкраінскіх падзеях і шырэй? 

— Каротка кажучы, гэта падтрымка людзей, якія робяць справу на месцы (ва Украіне, Беларусі). Гэта тыповыя рэчы, якімі займаюцца дыяспары любой краіны — не варта выдумляць нечага новага. Падтрымка фінансавая, інфармацыйная, лабісцкая, арганізацыя акцый салідарнасці. Вядома, што гэтая справа магла б быць шмат больш эфектыўнай пры наяўнасці адэкватнай інстытуцыянальнай арганізацыі. На сёння большасць беларускіх структураў за мяжой маюць тыя самыя «спрадвечныя хваробы», што і апазіцыйныя структуры ўнутры Беларусі – барацьба за пасады і гранты, бытавыя сваркі між сваімі ж. Чаго варты толькі апошні канфлікт у найбуйнейшай арганізацыі беларусаў ЗША, калі адзін з чальцоў арганізацыі падае на іншых у суд!

— Чаму для Вас важна дапамагаць Украіне?

— Таму што не магу інакш. Усе прыстойныя людзі абавязаныя сёння быць на баку ўкраінскага народа і рабіць максімум ад іх залежнага. Гэта тая сітуацыя, дзе трэба выбраць адназначна: ты за «белых» ці за «чырвоных». Ты за свабоду, справядлівасць, цывілізацыю ці ты за ГУЛАГ, нянавісць і хамства. Немагчыма стаяць у баку хаваючыся за аб'ектывісцкай пазіцыяй назіральніка ў той час, калі ў ХХІ стагоддзі, у цэнтры Еўропы адбываецца адкрытая агрэсія супраць незалежнай дзяржавы, уся «віна» якой складаецца ў тым, што яе народ любіць свабоду болей, чым каўбасу.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?