Следчы камітэт скончыў папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе ў дачыненні да генеральнага дырэктара ААТ «Барысаўдрэў».

Пра гэта паведаміў «Інтэрфаксу» начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК Беларусі Сяргей Кабаковіч.

«Топ-менеджар абвінавачваецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі ў часе выканання дзяржаўнай праграмы па мадэрнізацыі прадпрыемства, якія пацягнулі цяжкія наступствы ў выглядзе ўрону ў асабліва буйным памеры на суму звыш Br18 млрд, а таксама істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам у выглядзе зрыву тэрмінаў па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы па мадэрнізацыі ААТ «Барысаўдрэў», - адзначыў Кабаковіч.

У ходзе расследавання крымінальнай справы накладзены арышт на маёмасць на суму звыш Br400 млн.

8 лістапада 2013 года Аляксандр Лукашэнка наведваў прадпрыемства і быў абураны сарванымі тэмпамі мадэрнізацыі. Тады кіраўнік дзяржавы публічна абвясціў, што звальняе дырэктара, а кіраваць прадпрыемствам прызначае экс-кіраўніка Міншчыны Барыса Батуру.

На новую пасаду Батура мусіў заступіць праз тры дні. Аднак гэтае прызначэнне адбылося толькі вусна. Батура сышоў на пенсію, а малады дырэктар Уладзімір Мальцаў заставаўся кіраўніком.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0