Вячаслаў Ганчарэнка

Вернікі пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» Аб’яднаньня суполак хрысьціян поўнага Эвангельля прынялі рашэньне часова прыпыніць наведваньне свайго храма менскімі чыноўнікамі. Рашэньне было прынятае на сходзе вернікаў з мэтай не дапусьціць захопу будынку на час, пакуль ня будзе вырашана пытаньне вернікаў у Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Пастар царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка паведаміў «Свабодзе», што ён накіраваў ліст кіраўніку аддзела ў надзвычайных сытуацыях Маскоўскага раёну Менску Мікалаю Бараноўскаму. Ён папярэдзіў чыноўніка, што часова прадстаўнікам яго ўстановы будзе абмежаваны доступ у будынак, пакуль ня будзе судовага рашэньня ў справе вернікаў.

Нагадаем, у 2002 годзе вернікі набылі на ўскрайку Менску былы калгасны кароўнік і адрамантавалі за свае грошы. У 2005 годзе менскія ўлады забаранілі ладзіць там набажэнствы, а ў 2006 — пералічылі на рахунак царквы каля 17 тысяч даляраў кампэнсацыі за будынак. За гэтыя грошы вернікі не змаглі б набыць нават аднапакаёвай кватэры. 9 кастрычніка яны, паводле пастановы ўладаў, мусілі вызваліць будынак.

На знак пратэсту вернікі распачалі 23‑дзённую галадоўку. У выніку справай вернікаў заняўся Вышэйшы гаспадарчы суд. Ён адмяніў ранейшыя пастановы аб высяленьні вернікаў і пазбаўленьні іх зямельнага надзелу, але канчатковае рашэньне дагэтуль не прынятае.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка гаворыць:

«Сытуацыя крыху нас насьцярожвае. Папросту хацелася б вырашэньня пытаньня. Не хацелася б напружаннасьці, бо гэта патрабуе шмат рэсурсаў. Урэшце рэшт, 21 стагодзьдзе. Настаў час зьмяняць сваё мысьленьне ў нашай краіне».

Юрыст царквы Сяргей Луканін паведаміў «Свабодзе»:

«Цягам тыдня было некалькі нечаканых візытаў прадстаўнікоў розных службаў. Гэтая сытуацыя нам вельмі нагадала тое, што адбылося летась, калі ў нас ледзь не адабралі наш будынак. Вось і цяпер яны прыехалі на чатырох машынах: мікрааўтобус з міліцыяй і «джып» зь нейкімі двума маладымі людзьмі ў цывільным з відэакамэрай. Усе яны спрабавалі ўвайсьці ў наш будынак. Для нас гэтая сытуацыя відавочная. Мы й далей будзем пільна сачыць за ўсім гэтым, каб наш будынак застаўся ў нашых руках».

У леташняй галадоўцы ўдзельнічалі вернікі іншых пратэстанцкіх цэркваў. Яны пільна сочаць за сытуацыяй вакол будынку на вуліцы Кавалёва, каб у выпадку новых спробаў пазбавіць вернікаў храма, праявіць сваю салідарнасьць з вернікамі царквы «Новае жыцьцё».

Любоў Лунёва, Radio Free Europe / Radio Liberty

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0